Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

жмак, ‑а, м.

Няпэўная колькасць чаго‑н. (сена, саломы і пад.), большая за жменю, але меншая за ахапак. [Жаўнер], што сядзеў на стажку, сумыслу кінуў на дзеда жмак сена. Колас. Дзяўчына адышлася за некалькі крокаў ад кошыка і, ухапіўшы жмак сухога верасу, падняла яго. Навуменка.

жмакаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Абл. Мяць, камячыць. У галаве боль, ломіць яе, крышыць. Не павярнуць вачэй. Нехта сцяў зубамі за пераноссе, цісне, жмакае... Пташнікаў.

жма́кі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Тое, што і жамерыны. Канапляныя жмакі.

жмачок, ‑чка, м.

Памянш. да жмак; невялікі жмак. Нупрэй сядзеў на жмачку сена, узятага з будкі. Кулакоўскі.

жменька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш. да жменя; невялікая жменя. Аднойчы Ліпка нават не вытрымала: заўзята паплявала ў малыя жменькі, як гэта робяць хлопчыкі, разагналася і пабегла. Брыль. Тут жменька нас — салдат марской пяхоты. Ляжым. Не спіцца. Ноч. Імжыць імжа. Налева мора, ўперадзе мяжа. Зарыцкі.

жменя, ‑і, ж.

1. Далонь і пальцы рукі, складзеныя так, каб імі можна было зачэрпнуць або ўтрымаць што‑н. Віктар падбег да балота, зачэрпнуў у жменю вады, змяшаў і пяском і прынёс Мірону. Маўр. Волька з задавальненнем расцёрла ў жмені колас, панюхала, паспрабавала на зуб. Васілевіч.

2. Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў далоні са сціснутымі пальцамі. Васіліна паднялася да бункера і, перагнуўшыся цераз борт, зачэрпнула жменю зерня. Хадкевіч. // Пучок сарваных, зжатых раслін, які можна абхапіць далонню і пальцамі. Сухія, ломкія, спелыя сцёблы жменя за жменяю клаліся на перавяслы. Мележ.

3. перан. Нязначная колькасць, нямнога каго‑, чаго‑н. Туліцца каля платоў Жменя худых цялят. Танк.

•••

Поўнай жменяй — шчодра, не шкадуючы. У сонцы дзён, у зорнасці начэй Я сеяў іскры сэрца поўнай жменяй. Бядуля.

жмудзь, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літоўскага племя жэмайты.

жмудскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жмудзі, належыць ёй. Жмудскія землі.

жмуркі, ‑рак; адз. няма.

Гульня, у якой адзін з удзельнікаў з завязанымі вачамі ловіць астатніх.

•••

Гуляць у жмуркі гл. гуляць.

Хоць у жмуркі гуляй гл. гуляць.

жмурыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Сціскаючы павекі, прыплюшчваць вочы. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам. Лынькоў. Аднойчы з калегам мы ляжалі на гарачым беразе і жмурыліся ад сонца, разглядаючы на гарызонце празрысты дымок парахода. Скрыган. // Прыплюшчвацца, прыкрывацца (пра вочы). Калі Павел на што-небудзь скардзіўся, вочы дзядзькі жмурыліся. Гроднеў. Ад нязвыклага зіхацення снегу самі жмурыліся вочы. Шамякін.