Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

жлукта 1, ‑ы, ДМ ‑кце, Т ‑ай, ж.; ‑а, М ‑у, Т ‑ам, н.

Абл. Пасудзіна для запарвання бялізны, выдзеўбаная ў форме кадушкі з драўлянай калоды. У клеці паставілі дзежкі, карыты, жлукту, ступу ды другія гаспадарчыя прылады. Галавач. [Уладзік] перакульвае жлукта і па ім узбіраецца на прыбудаваны да хаты хляўчук. Кандрусевіч.

жлукта 2, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е Т ‑ай, ж.

Разм. Пра таго, хто многа п’е, апіваецца. — Скарачае гэтай чорнай сівухай свой паганы век, жлукта няшчасная. Паслядовіч.

жлуктавальны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для жлукчання. Жлуктавальны кацёл.

жлукціцца, ‑ціцца; незак.

Зал. да жлукціць 1.

жлукціць 1, ‑кчу, ‑кціш, ‑кціць; незак., што.

1. У тэкстыльнай прамысловасці — апрацоўваць бавоўну, баваўняныя і льняныя вырабы растворам шчолачаў для ачысткі і падрыхтоўкі да бялення, афарбоўкі; у папяровай вытворчасці — апрацоўваць анучы з мэтай ачысткі ад гразі і тлушчу.

2. У пральнай справе — апрацоўваць бялізну мыльна-шчолачным растворам.

жлукціць 2, ‑кчу, ‑кціш, ‑кціць; незак., што.

Разм. Многа і прагна піць. Узяўшы кубак, .. [Парэчкус] доўга і прагна жлукціў ваду. Броўка.

жлукчанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. жлукціць 1.