Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

жвавасць, ‑і, ж.

Уласцівасць жвавага; рухавасць, жыццярадаснасць, ажыўленасць. Гірня хуценька сабраў ключы, адвёрткі і з небывалай для яго жвавасцю ўскочыў у кабіну. Кулакоўскі.

жвавець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца больш жвавым, рухавым, жыццярадасным; ажыўляцца. Гаворачы пра будоўлю, Пётр Іванавіч, чалавек наогул вельмі жвавы, жвавеў яшчэ больш. Хадкевіч.

жвавы, ‑ая, ‑ае.

1. Поўны жыццёвых сіл; бадзёры, рухавы; проціл. вялы. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. Зіна была ўся ў бацьку: жвавая, гаваркая, знаходлівая, у грамадскім жыцці актыўная, у сяброўстве — чулая, спагадлівая. Кавалёў. // Ажыўлены, выразны, жыццярадасны (пра вочы, твар). Энергічным і жвавым рабіўся твар старшыні. Якімовіч. [Ніканор] пастарэў.. Толькі вочы — маладыя і жвавыя. Бядуля. // Рэзвы, вясёлы, гуллівы. Птушак жвавых шчэбет хвілі не сціхаў, Кружыўся з белым кветак пылам. Купала. На процілеглай ад ложка сцяне скакаў жвавы зайчык, як бы дражнячыся з намі. Сабаленка.

2. Бойкі, ажыўлены, шумны (пра гаворку). Завязалася жвавая, перасыпаная жартамі і смехам размова. Краўчанка.

3. Поўны руху, ажыўлення, дзейнасці. У маладым калгасе адразу занялося жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. — Усё-такі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ. // Хуткі па тэмпу, шпаркі. Жвавыя рухі. ▪ Жвавым не па гадах подбегам Клім кінуўся да плота. Шахавец.

жвака, ‑і, ДМ жвацы, ж.

Разм. Тое, што і жвачка. Карова больш не стукала, было чуваць, як яна жве жваку. Пташнікаў.

жваць, жву, жвеш, жве; жвём, жвяце; незак., што.

Разм. Тое, што і жаваць. Ля ракі і суседка сядзіць на траве, свой гасцінец-праснак памаленечку жве. Дубоўка. Авечкі, ў кучу збіўшыся, драмалі. Каровы жвачку жвалі. Корбан.

жвачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Паўторнае перажоўванне жвачнымі жывёламі ежы, якая адрыгаецца ў поласць рота. Згубіць жвачку. // Ежа, якая паўторна перажоўваецца. Падласка ляжыць каля плота, на сонейку, спакойна глядзіць і перажоўвае жвачку. Брыль.

2. Разм. Гумка, табака і інш., якія ўжываюцца для жавання. Гум[а]вую жвачку жуе У крэсле заморскім палкоўнік. Калачынскі. // перан. Нуднае, надакучлівае паўтарэнне аднаго і таго ж. Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.

•••

Жаваць жвачку гл. жаваць.

жвачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які жуе жвачку. Жвачныя жывёлы.

2. у знач. наз. жвачныя, ‑ых. Падатрад млекакормячых атрада парнакапытных, да якога адносяцца авечкі, козы, буйная рагатая жывёла і інш.

жвяканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. жвякаць, а таксама гукі гэта дзеяння. [Кухар] пачуў у пуньцы хрумстанне, жвяканне і ціхае вурчэнне... Харты нешта жаруць! Гарэцкі.

жвякаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Шумна прыцмокваючы, перажоўваць ежу; чвякаць.

жвякнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм. Аднакр. да жвякаць.