Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ехацца, едзецца; безас.

Незак. Пра магчымасць ехаць, перамяшчацца. Удзень звычайна на станцыях такіх пасажыраў зганяла з дахаў чыгуначная міліцыя, але ўночы ехалася спакойна, адно трэба было сцерагчыся, каб не зачапіла чым ды не скаціцца з даху. Чыгрынаў.

ехаць, еду, едзеш, едзе; едзем, едзеце, едуць; заг. едзь; незак.

1. Рухацца па сушы, па вадзе пры дапамозе якіх‑н. сродкаў перамяшчэння. Ехаць чыгункай. Ехаць у трамваі. Ехаць вярхом. Ехаць на лодцы. ▪ Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Лынькоў. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім. Якімовіч. // Рухацца, каціцца (пра сродкі перамяшчэння). Гасцінцамі ехалі то туды, то сюды вайсковыя абозы. Чорны.

2. Накіроўвацца куды‑н., выкарыстоўваючы якія‑н. сродкі перамяшчэння; ад’язджаць; рабіць паездку. Ехаць за граніцу. Ехаць на фронт. ▪ Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і выйшаў. Колас.

3. перан. Разм. Выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах, атрымліваць выгаду з каго‑, чаго‑н. — На татку едуць, пакуль татка не з’ездзіцца, — сказаў, як стары, Вова недзе чутыя словы. Гурскі. — Склалі дзесяць год таму назад сякі-такі планік і з таго часу едзем на ім. Кулакоўскі.

4. Ссоўвацца, саслізгваць са свайго месца. Шапка едзе на вочы.

•••

Далей (ехаць) некуды гл. некуды.

На тройках ехаць — вучыцца пасрэдна, без асаблівага старання.