Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ез, ‑а, м.

Уст. Плеценая перагародка папярок ракі для затрымання і лоўлі рыбы.

ездавы, ‑ая, ‑ое.

1. Прызначаны для язды, які служыць для язды. Ездавая дарога. Ездавыя сабакі. Ездавыя алені.

2. у знач. наз. ездавы, ‑ога, м. Салдат, які правіць коннай запрэжкай. Іван усё пакрыкваў на ездавога — старога нехлямяжага байца ў дзвюх ватоўках пад шынялём, каб той наганяў хутчэй. Быкаў.

езджаны, ‑ая, ‑ае.

1. Прывучаны для язды, аб’езджаны. Езджаны конь.

2. Па якім многа ездзілі; наезджаны. Езджаная дарога.

ездзіцца, ‑дзіцца; безас. незак., каму.

Разм. Пра ўмовы язды, паездкі. — Вярнуўся мой вандроўнічак! — радасна сустрэла бабка Параска настаўніка: — Ну, як жа вам ездзілася? Колас.

ездзіць, езджу, ездзіш, ездзіць; незак.

1. Тое, што і ехаць (у 1 знач.), з той розніцай што «ездзіць» азначае дзеянне, якое паўтараецца ў розных напрамках. Ездзіць у горад. Ездзіць на машыне. ▪ Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Лынькоў. Костусь ездзіў, хадзіў, клапаціўся: жніво ішло, а рукамі, відаць было, нічога зрабіць нельга будзе. Чорны. // Бываць дзе‑н., наведваць каго‑, што‑н. (карыстаючыся транспартам). Яшчэ казаў мой прадзед у свой час, Што будуць ездзіць к нам не за пянькою, А каб вучыцца мудрасці у нас. Прыходзька. — Я так марыў увесь час, што мы будзем жыць суседзямі. У нядзелю мы ездзілі б адзін да аднаго ў госці... Шамякін.

2. Умець карыстацца якім‑н. сродкам перамяшчэння. Умела ездзіць на матацыкле. // Разм. Катацца на каньках, лыжах.

3. перан. Разм. Рухацца, соўгацца па чым‑н. Стары сядзеў неспакойна, круціўся, ездзіў па лаве. Мележ.

4. Разм. Быць, працаваць кім‑н. (пра некаторыя прафесіі). Вася ў дальніх паяздах ездзіць правадніком. Ракітны.

•••

Ездзіць вярхом на кім — мець уладу над кім‑н.

Ездзіць на чыёй спіне, на чыім карку — выкарыстоўваць каго‑н. у сваіх інтарэсах.

езуіт, ‑а, М езуіце, м.

1. Член манаскага каталіцкага ордэна «Таварыства Ісуса», адной з самых рэакцыйных і ваяўнічых арганізацый каталіцкай царквы.

2. перан. Пра хітрага, крывадушнага чалавека, здольнага на ўсякую подласць. Пад ласкай вясёлага жартаўніка і балаболкі.. хаваўся хітры езуіт, падхалім-пралаза і крывадушны, з мізэрнай душой чалавек. Машара.

[Ад лац. формы імя Ісус — Jesus.]

езуіцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да езуіта (у 1 знач.), езуітаў. Езуіцкі касцёл. ▪ Косю перавялі вучыцца ў езуіцкую жаночую гімназію. Карпюк.

2. перан. Хітры, крывадушны, вераломны. [Янка Рыбалтовіч] чытаў, маліўся над магілкамі сваіх дзядоў па-лацінску, з езуіцкай лісінай пакорай хадзіў па вёсках, носячы людзям «збаўленне ад бязбожнага камунізма...» Брыль.

езуіцтва, ‑а, н.

Хітрасць, крывадушнасць, неразборлівасць у выбары сродкаў для дасягнення мэты. — І нічога другога, апрача панскага зазнайства, няшчырасці і езуіцтва, у .. [Луцкевічу] няма. Машара.