Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

едкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць едкага.

едкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які раз’ядае, разбурае што‑н. хімічна. Едкая шчолач. Едкая фарба. // Які выклікае моцнае фізічнае раздражненне. Едкі дым. ▪ Трэба даць уціхнуць зморы ў руках,.. адпачыць целу ад едкага поту. Мележ.

2. перан. З’едлівы, колкі. Едкі сарказм. ▪ І смех тут быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. / Пра чалавека. — Вот ты едкая, Параска. Нашто табе мяне калоць гэтым пасагам? Лобан.

еднасць, ‑і, ж.

1. Адзінства, згуртаванасць. Так у жорсткіх баях за камуну Непарушная еднасць расла. Глебка. Нашу эпоху можна назваць эпохай вялікай еднасці .. славянскіх народаў. «Полымя». // Непадзельнасць, неразрыўнасць. Еднасць партыі з народам. ▪ Андрэй адчувае еднасць з польскімі рабочымі ў Беластоку, да якіх ён прыехаў па заданню партыі папярэдзіць аб правакатары. Хромчанка. // Адпаведнасць, узгодненасць. Балада «Да дня» [М. Танка] вызначаецца еднасцю формы і зместу. У. Калеснік.

2. Агульнасць, супольнасць. Еднасць інтарэсаў.