Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ды 1, злучнік.

I. спалучальны.

1. Ужываецца для сувязі аднародных у сэнсавых адносінах членаў сказа і сказаў; адпавядае па значэнню злучніку «і». Пад вяслом і шастом ласкава плёхала ды булькала вада. Брыль. І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара. Чарот. // Злучае паўторныя словы і ўтварае спалучэнні са значэннем працягласці або паўторнасці дзеяння. А дождж ідзе ды ідзе.

2. Ужываецца для сувязі паслядоўных паведамленняў, звязаных адзінствам накіраванасці дзеяння. Дома выпілі [Толя з Міхасём] па кубку малака з хлебам ды падаліся на вышкі. Якімовіч. Лабановіч зрываецца з месца, бярэ паперу і прылады пісьма ды прысядае да Аксёна. Колас.

II. супраціўны.

1. Злучае процілеглыя члены сказа і сказы; блізкі па значэнню да злучнікаў «але», «аднак». Навальніца насоўвалася павольна, ды.. настырна. Колас. Локцям рабілася свежа ад зямлі, ды Толя гэтага не заўважаў. Брыль. І заскрыпелі тут і там Смычкі тугой дажджлівай шэрай, Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк. // У гэтым жа значэнні ужываецца для сувязі процілеглых членаў сказа і сказаў з абмежавальным адценнем. Сады маладыя Вайна пакасіла, Ды толькі не скосіць Народную сілу. Бялевіч. Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца. Шамякін. // Супроцьпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму або адзін з членаў сказа другому з уступальным злучнікам «хоць». Хоць рэдка, ды метка. Прыказка. // У спалучэнні са злучнікам «затое» ужываецца пры замяшчальным проціпастаўленні. І сілу яна мела як у таго камара... Ды затое была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Злучае члены сказа і сказы з узаемным выключэннем і значэннем неадпаведнасці. Стагналі людзі ў цёмных мурах, Ды не спынялі барацьбы І не згіналіся пад бурай, Як векавечныя дубы. Колас.

III. далучальны.

1. Далучае сказы і члены сказа, якія дапаўняюць, паясняюць ці падагульняюць выказаную раней думку. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва. Калгаснікі стараліся ўправіцца з лепшай бульбай ды якая бліжэй к дому, а ўчастак пад ляском чакаў сваёй чаргі. Кулакоўскі. / У спалучэнні са злучнікам «і», які ўзмацняе далучальную сувязь. Падступіцца да гарэўшых цыстэрнаў не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна. Лынькоў. Усюды панаваў нейкі ўрачысты святочны настрой. Ды і было чаго: ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. Асіпенка. / У спалучэнні з прыслоўямі і займеннікамі «так», «калі (яшчэ)», «які», «такі», што ўзмацняюць далучальную сувязь. І зноў пачынае [Платон] распісваць кубанскія станы, уборку пшаніцы, ды так, што сапраўды заслухаешся. Шамякін. Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае. Чарот. // Далучае члены сказа і сказы, якія носяць характар дадатковага паведамлення (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі «яшчэ», «прытым»). — Новы брыгадзір пайшоў па сцежцы старога, ды яшчэ, бадай, апярэдзіў яго ў некаторых справах. Кулакоўскі.

2. Ужываецца пры нечаканых пераходах да другіх падзей, якія завяршаюць папярэднія выказванні. Рвануўся Цімох з усіх сіл Ды далей ад страшнае хвоі! Колас. Біўся, біўся ды з сілы выбіўся. Крапіва.

3. Далучае пры пералічэнні члены сказа з супраціўна-ўзмацняльным значэннем. Панізіўшы голас, шэптам сказаў дзед з узрушэннем: — У лес трэба перабірацца, ды не сядзець там, злажыўшы рукі, ды не пазіраць спакойна збоку, як яны [акупанты] тут гаспадараць. Колас.

•••

Ды і то (дый то) — далучае члены сказа і сказы з абмежавальным адценнем. Слых мой толькі праз момант ловіць музыку ціхага шуму лісця, ды і то мне спачатку здаецца, што гэта ўсё яшчэ шуміць у галаве. Брыль.

Ды і толькі (дый толькі) — нічога іншага, акрамя гэтага. Плача без канца, ды і толькі.

ды 2, часціца, узмацняльная.

Ужываецца ў пачатку сказа для ўзмацнення выразнасці выказвання. Ды мы даўно падрыхтаваліся! Ды што з вамі гаварыць! Ды хто ты такі? // У сярэдзіне сказа перад выказнікам ці групай выказніка ўзмацняе іх значэнне. — Не бядуй, што-небудзь ды прыдумаем, і ўсё бу дзе добра. Гартны. Э, дзе-небудзь ды знайдзем і баравік. Колас. // Пры загадным ладзе служыць для выражэння настойлівай просьбы, пажадання. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч. — Валодзька! — крыкнуў я. — Ды годзе ўжо табе. Не чапайце, не трэба! Брыль.

дыб, дыб-дыб, выкл.

у знач. вык. Ужываецца ў значэнні дзеяслова дыбаць. І [в]от ідуць сабе: сакратар — топ-топ па гразі, а крамнік — дыб-дыб, як певень. Мурашка.

дыба 1, ‑ы, ж.

Сярэдневяковая прылада для катаванняў. Падняць на дыбу. Паслаць на дыбу.

дыба 2, прысл.

Разм. Тое, што і дыбам. Конь стаў дыба.

дыбазол, ‑у, м.

Лекавы прэпарат, які валодае сасударасшыральным дзеяннем.

дыбам, прысл.

Падняўшыся ўверх; тарчма, старчаком. Сняцца аглухшыя рыбы, Стогны у далях марскіх, Сняцца узнятыя дыбам Хвалі ад выбухаў іх [мін]. Танк.

•••

Валасы (сталі, становяцца) дыбам гл. волас.

дыбарам, прысл.

Разм. Тое, што і дыбам.

дыбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ісці размерна і важна або нязграбна. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Маўр. Буслы дыбаюць па беразе Расянкі. Асіпенка. Паперадзе Пятро Анісімавіч, цётка Лісавета, за імі смешна дыбае босымі.. ножкамі Уладзік. Сачанка.

дыбачкі, ‑чак; адз. няма.

У выразах: на дыбачках або на дыбачкі — на кончыках (на кончыкі) пальцаў ног (падысці, стаць і пад.). Даніла падкраўся на дыбачках ззаду да Маланні, каб яна не пачула — папужаць яе надумаўся. Капыловіч. Алаіза ўзнімалася на дыбачкі, каб убачыць, хто нясе сцяг. Арабей.

дыбка, прысл.

На заднія ногі (станавіцца, узнімацца), на задніх нагах (стаяць і пад.). [Жарабок] не знаходзіў месца на шырокім дварышчы, станавіўся дыбка, вытанцоўваў. Чарнышэвіч. Стаіць пад яблыняй [козлік] дыбка і [на]пінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. Брыль.

дыбкі,

У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.