Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

дуайен, ‑а, м.

Асоба, што ўзначальвае дыпламатычны корпус у якой-небудзь краіне як дыпламатычны прадстаўнік, вышэйшы па рангу; старэйшына дыпламатычнага корпуса.

[Фр. doyen — старшыня.]

дуалізм, ‑у, м.

1. Філасофскае вучэнне, якое пачаткам быцця лічыць дзве самастойныя першаасновы (субстанцыі) — матэрыяльную і ідэальную; проціл. манізм.

2. Кніжн. Дваістасць, раздвоенасць чаго‑н. наогул.

[Ад лац. dualis — дваісты.]

дуаліст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік дуалізму (у 1 знач.).

дуалістычны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дуалізму. Дуалістычны светапогляд.

дуб, ‑а і ‑у; мн. дубы, ‑оў; м.

1. ‑а. Буйнае лісцевае дрэва сямейства букавых з моцнай драўнінай і пладамі жалудамі. Стогадовы дуб. ▪ Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць пышны верх яго. Колас.

2. ‑у; толькі адз. Драўніна гэтага дрэва. Нарэзаць дубу. Бочка з дубу.

3. ‑а; перан. Разм. Пра высокага, моцнага чалавека. У Жарстана было сем сыноў, і чацвёра з іх такія ж дубы, як і бацька. Колас. // Пагард. Пра тупога, неразумнага чалавека. — Хоць і дуб ты, скажу табе, але заходзь, кульні з намі чарку: у мяне ж сёння вяселле — гуля-а-ем! Вышынскі.

4. ‑а. Адзін з відаў вялікіх лодак (на Дняпры, Доне). Пад поўнач Пятро Тугай закончыў рамонт дубоў, заліў смалою залапленыя месцы і вылез на паром. Краўчанка.

•••

Коркавы дуб — вечназялёнае дрэва сямейства букавых, кару якога выкарыстоўваюць для вырабу коркаў і інш.

Даць дуба гл. даць.

Плесці з дуба вецце гл. плесці.

дубаватасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць дубаватага.

дубаваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Цвёрды, грубы, нязграбны. Ліпкія, настылыя сырамяжныя гужы спавіваюць, давяць грудзі.. Нечыя рукі, мерзлыя, дубаватыя, ціснуць за горла... Пташнікаў. // Праставаты, недасканалы. Дубаваты загаловак. Дубаваты адказ.

дубальт, ‑а, М ‑льце, м.

Абл. Падвойная рама, падвойныя дзверы. Каб не дай божа, з крамай што не здарылася, гаспадар закрываў дзверы жалезнымі дубальтамі, а вокны — жалезнымі аканіцамі. Лобан.

[Польск. dubelt з ням. doppelt.]

дубальтовы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які складаецца з двух аднародных або падобных прадметаў, частак; падвойны. Дубальтовыя рамы. Дубальтовыя дзверы.

2. З двума стваламі (пра зброю). Дубальтовая стрэльба.

дубальтоўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм. Паляўнічая стрэльба з двума стваламі; двухстволка. Дзядзька Максім пачапіў на плячо добрую тульскую дубальтоўку, а мне пазычыў старэнькую аднаствольную стрэльбу. Пянкрат.