Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

драбавік, ‑а, м.

Паляўнічае ружжо для стральбы шротам. [Палкоўніка і афіцэраў] канваіравалі каля дваццаці чалавек з вінтоўкамі, з драбавікамі. Лынькоў. Там, пасля нарады з паняй Авялінай, ён [пан Булыга] узброіўся драбавіком і ўсю ноч, як прывід, снаваў па маёнтку — баяўся, каб даўгінаўцы не пахадзілі каля яго будынкаў з запалкамі. Бажко.

драбленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. драбіць і стан паводле дзеясл. драбіцца (у 1 знач.). Драбленне горнай пароды. Драбленне сялянскіх гаспадарак.

драблёны, ‑ая, ‑ае.

Раздроблены, раскрышаны. Драблёнае шкло.

драбна... (гл. дробна...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «дробна...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: драбнатвары, драбназём, драбналессе.

драбнаваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі меншы, чым звычайна. Драбнаватая бульба.

драбназемісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да драбназёму.

драбназубка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн., ‑бак; ж.

Разм. Піла з дробнымі зубамі.

драбназубы, ‑ая, ‑ае.

З дробнымі зубамі, зубчыкамі. Драбназубая рыба. Драбназубая піла.

драбназём, ‑у, м.

Глеба, якая складаецца з дробных частак.

драбнакветкавы, ‑ая, ‑ае.

З дробнымі кветкамі. Драбнакветкавы крываўнік.