Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...дольны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў; абазначае: які складаецца са столькіх долей, колькі паказвае першая частка гэтых слоў, напрыклад: аднадольны, двухдольны, трохдольны.

дакторка і доктарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жанчына-ўрач. [Дачка нарадавольца] была ўжо не першай маладосці, працавала дакторкаю ў адной з земскіх бальніц. Колас. Вінцусь ураз пазнаў у жанчыне доктарку, што лечыць яго Зоську. Арабей.

дасуха і досуха, прысл.

Да поўнай сухасці. Выцерці дасуха.

до 1, нескл., н.

Першы гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

[Іт. do.]

до 2, прысл.

Разм. Досыць, дастаткова. — Ат, які толк з дзявочай навукі, — апраўдваўся каторы раз ляснік перад сябрамі.. — Распісацца ўмее, і до. Сачанка.

доберман-пінчэр, ‑а, м.

Парода службовых сабак з клінападобнай галавой і кароткай, густой, бліскучай поўсцю, а таксама сабака гэтай пароды.

[Ад уласн. імя.]

доблесны, ‑ая, ‑ае.

Высок. Які славіцца подзвігамі; адважны, мужны, геройскі. Доблесная армія. ▪ Навекі слава доблесным салдатам, Што пераможна йшлі за свой народ. Панчанка. // Поўны доблесці. Доблесны подзвіг. // Самаадданы, накіраваны на дасягненне якой‑н. высокай мэты. Доблесная праца.

доблесць, ‑і, ж.

Высок. Адвага, мужнасць, геройства. Воінская доблесць. // Бязмежнай самаадданасць у дасягненні якой‑н. высокай мэты. Працоўная доблесць.

до́бра,

1. Прысл. да добры (у 4, 7 і 9 знач.); проціл. дрэнна. Значыць, скончылі добра ўборку, Плённай працы сабралі дары. Броўка. Сталі .. [муж з жонкай] жыць добра і шчасліва. Якімовіч.

2. прысл. Ладна-такі, парадкам; зусім. Ужо добра сцямнела на дварэ, калі людзі пачалі разыходзіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо ўзнялося вышэй за гарадскія дахі і добра грэла. Самуйлёнак. / з часціцай «такі». Уночы зямля добра-такі падшэрхла, і машыны не сыходзілі з поля. Пальчэўскі. Стары ўжо ён, наш бацька, добра-такі стары. Шэсць дзесяткаў з ладным гакам мае. Васілёнак.

3. безас. у знач. вык. Пра спрыяльную абстаноўку, прыемнае акружэнне. Добра ў лузе ў час палудны! Лёгка там дыхнуць. Колас. У гасцях добра, а дома лепш. Прыказка. // каму. Пра адчуванне прыемнасці, унутранага задавальнення ад чаго‑н. І добра нам — маўчаць і пазіраць На родны край вачамі маладымі! Панчанка.

4. безас. у знач. вык., са злучн. «што», «калі». Шчасце, якраз дарэчы. Добра, што не згубіў [Шура] складанчык — ёсць чым заняць рукі. Навуменка. Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

5. у знач. сцвярджальнай часціцы. Абазначае: ладна, згодзен, хай будзе так. — Давай правядзі мяне да перавозу. — Добра, якраз я сам меўся тудэю ісці. Гартны. — Добра, цётка Куліна, буду заходзіць. Паўлаў.

6. у знач. часціцы (звычайна ў спалуч. з часціцай «ж»). Ужываецца ў значэнні пагрозы, папярэджання: глядзі, пачакай. Добра ж! Я табе прыпомню!

7. у знач. наз. до́бра, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць параўнальна высокі ўзровень ведаў. Атрымаць добра на экзамене.

•••

Добра кажаш гл. казаць 1.

добра... (а таксама дабра...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «добры», напрыклад: добраахвотны, добразычлівы, добрасардэчны.

добраахвотнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць добраахвотнага, уласная воля як асноўны стымул да дзеяння. Аб’яднанне на прынцыпах добраахвотнасці.