Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...дзённы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў; абазначае: які адбываецца, працягваецца столькі дзён, колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: двухдзённы, трохдзённы.

дзве,

гл. два.

дзверцы, ‑аў; адз. няма.

1. Памянш. да дзверы; невялікія дзверы. Настаўнік.. рашуча адкінуў клямку на дзверцах веспічак. Колас. [Рыгор і Сцяпан Раманавіч] ішлі па ярка асветленым калідоры, з двух бакоў якога былі дзверы і дзверцы. Арабей.

2. Створка, створкі, якімі закрываюць якую‑н. адтуліну. Пячныя дзверцы. Дзверцы топкі. ▪ [Ціхан] кінуў руль, адчыніў дзверцы і выскачыў з машыны, не паспеўшы заглушыць матор. Дуброўскі. У пячурцы трашчыць, палаючы, яловая лучына. Іскры прабіваюцца праз шчыліны у дзверцах, вылятаюць на хату. Галавач.

дзверы, дзвярэй, Т дзвярамі і дзвярмі; адз. няма.

Праём у сцяне памяшкання для ўваходу і выхаду, а таксама створ, якім закрываюць гэты праём. Прарэзаць дзверы. Знадворныя дзверы. Начапіць дзверы на завесы. Зачыніць дзверы. ▪ Дзверы расчыніліся, і Віктар з асалодаю нырнуў у густую цеплыню хаты. Зарэцкі. Пніцкі стаяў ужо па самым выхадзе, у дзвярах. Чорны.

•••

Глухія дзверы — дзверы, зробленыя для формы, а не для карыстання.

Царскія дзверы — сярэднія дзверы ў царкоўным іканастасе.

Дзверы адчынены перад кім, для каго — мае свабодны доступ куды‑н.

Дзверы зачынены перад кім, для каго — не мае доступу куды‑н.

Дзверы не зачыняюцца (не стыкаюцца) — пра бесперапыннае хаджэнне то ў хату, то з хаты.

Дзверы ў дзверы — адзін насупраць другога (жыць, размяшчацца і пад.).

Дзень адкрытых дзвярэй гл. дзень.

Ламацца ў адчыненыя дзверы гл. ламацца.

Паказаць на дзверы каму гл. паказаць.

Пры зачыненых дзвярах — у прысутнасці толькі зацікаўленых службовых асоб.

Стукацца ў дзверы гл. стукацца.

дзверына, ‑ы, ж.

Абл. Створка дзвярэй. Марыля ля зямлянкі завіхаецца. Прыцягнула дзверыну, ладзіць. Савіцкі. [Яська] доўга абмацваў дзверыну, пакуль знайшоў на ёй клямку. Лось.

дзвесце, двухсот, двумстам, двумастамі, (аб) двухстах, ліч. кольк.

Лік і лічба 200. Дзвесце дзеліцца на пяць. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 200. Дзвесце чалавек. ▪ На ўсе Мікуцічы было не болей трох лодак, хоць у сяле налічвалася каля двухсот двароў. Колас. Дуброва сапраўды была блізка, сажняў за дзвесце ад хутара. Чарнышэвіч.

дзвынканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзвынкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Дзвынканне шклянкі. Дзвынканне пчол.

дзвынкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць высокія звінючыя гукі (пра шкло, метал, насякомых і пад.). Жаласна дзвынкала шкло. Лынькоў. Калі кулі дзвынкалі зусім блізка, .. [Пятро] кідаўся ўбок, крыху мяняў напрамак, каб збіць кулямётчыка з прыцэльнай стральбы. Новікаў.

дзвынкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да дзвынкаць.

дзвярны, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да дзвярэй. Дзвярны замок. Дзвярная ручка.