Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

джаз, ‑а, м.

1. Тып аркестра змешанага складу з перавагай духавых і ўдарных інструментаў. Набліжаўся вечар. Дзесьці ў глыбіні парку зайграў джаз. Шашкоў.

2. Музыка, пераважна танцавальная, прызначаная для такога аркестра.

[Англ. jazz.]

джаз-банд, ‑а, М ‑дзе, м.

Тое, што і джаз.

джазавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да джаза. Джазавы аркестр. Джазавая музыка. Джазавы інструмент.

джазіст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе ў джазе.

джала, ‑а, н.

1. Колючая частка органа самаабароны і нападу некаторых насякомых (пчол, вос, шэршняў і інш.), якая знаходзіцца на канцы брушка. Хто іх на свеце не знае, шэршняў тых, з джалам вялікім, а з выгляду жоўтых. Дубоўка. // Колюча-смокчучы хабаток некаторых насякомых (мухі, камара, авадня і інш.). Адчуўшы ранішні прыпек і джала авадня, Конь стаў пад голлем у цянёк. Бялевіч.

2. Доўгі, раздвоены на канцы язык ядавітай змяі. Летам.. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала і высоўвала джала, то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка.

3. Вастрыё колючага ці рэжучага інструмента, прылады. І вострае джала разца гоніць спружыністыя стружкі. Гартны.

4. перан. Пра абвостранае пачуццё, успрыманне. Перад.. вачамі [Ніны] успыхнулі вогненныя вострыя іскры, што пранізалі галаву безліччу пякучых джал. Мележ. // чаго. Пра што‑н. вострае, едкае. Джала сатыры.

джаліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што і без дап.

1. Раніць, упівацца джалам (у 1, 2 знач.). На кожным кроку джаляць камары. В. Вольскі. // Калоць, раніць (пра што‑н. вострае, калючае). Ды тут басанож у спякоту Не пройдзе хлапчук каля плоту: Гадзюкамі джаляць Абрыўкі калючага дроту. Маляўка.

2. перан. Шкодзіць злосна, спадцішка. Тут толькі ўявіў сабе [Міхась], што перад ім паўзучы гад, што смяротна джаліць з укрыцця пад маскай аднадумца. Машара. // Глыбока хваляваць, трывожыць (пра пачуцці). Горкая самотнасць джаліла мяне, і такое ж горкае шкадаванне напаўняла маё сэрца. Марціновіч.

джанатан, ‑у, м.

1. Сорт зімовай яблыні паўночна-амерыканскага паходжання.

2. Плод гэтай яблыні — яблык чырванаватага або чырвонага колеру.

джганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. джгаць.

джгануць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і джгнуць. Балюча джгануў шэршань. Джгануць крапівой. Джгануць у лес.

джгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Калоць, раніць джалам (пра насякомых); кусаць (пра змей). Толькі зрэдку чулася, як, ляскаючы зубамі, .. [сабака] лавіў мух, што дакучліва джгалі яго калматае цела. Стаховіч. // Апякаць (пра крапіву, мароз).

2. Хутка ісці, бегчы; імчацца. Джгаць без аглядкі. ▪ Схапіўшы грошы, .. [Мацвей] на адной назе джгаў у канец сяла.., купляў кварту гарэлкі і цераз тую ж хвіліну ставіў хлопцам на стол. Лобан.