Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

дбайнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дбайнага. Цэлым гектарам маладога саду хапала дбайнасці .. [Клімавых] рук, цэлым гектарам лапушыстай агародніны ставала ягонай клапатлівасці. Шахавец.

дбайны, ‑ая, ‑ае.

Старанны, руплівы. Гляджу, як народ працавіты і дбайны На ніве калгаснай з машынаю дружыць. Хведаровіч. Усё было дагледжана, відаць, што тут хадзілі дбайныя рукі. Гурскі.

дбаласць, ‑і, ж.

Уласцівасць дбалага.

дбалы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дбайны. Антось наш дбалы, акуратны, А пры рабоце які здатны! Што ні замысліць, то ўсё зробіць. Колас.

дбанне, ‑я, ж.

Старанне, руплівасць. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва. Колас.

дбаць, дбаю, дбаеш, дбае; незак.

Праяўляць клопаты аб кім‑, чым‑н., турбавацца пра каго‑, што‑н. — Каб вы толькі ведалі, як аба мне дбалі і пра мяне клапаціліся тыя, чужыя людзі, у хаце якіх я ляжаў! Чорны. Купловічу захацелася агледзець калгас уначы, праверыць, як вартуецца грамадская гаспадарка, як і хто дбае пра калгаснае багацце. Дуброўскі. Хто дбае, той і мае. Прыказка.

•••

І не дбае — не звяртае ўвагі, не заўважае. Раніцай яшчэ халаднавата, а .. [Насця] і не дбае. Васілевіч.