Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

гэ, нескл., н.

Назва літары «г».

гэбель, ‑бля, м.

Сталярны інструмент у выглядзе калодкі з клінам і шырокім лязом для стругання дрэва. Даніла Платонавіч нешта майстраваў — габляваў дошчачку. На кухні ў яго стаяў маленькі варштат, на паліцах паблісквалі.. інструменты: гэблі, пілкі, дрэль, долаты ўсіх калібраў. Шамякін.

гэблік, ‑а, м.

Памянш. да гэбель; невялікі гэбель. Гэблік так спрытна хадзіў у яго руках, што Сымонка не паспеў агледзецца, як на варштаце вырасла куча белапенных стружак. Сіняўскі.

гэй, выкл.

Разм. Вокліч, якім звяртаюцца да каго‑н., аклікаюць каго‑н. Гэй, наперад, покі сэрца Б’ецца, рвецца на прастор. Купала. — Гэй, дзядзька! — гукнула Харошка. Мурашка.

гэны, ‑ага, м.; гэна, ‑ай, ж.; гэна, ‑ага, н.; мн. гэныя, ‑ых; займ.

Абл.

1. указальны. Той (у 1 знач.). Знішчалі войны ўсё мячом .. Не гандляры і не князі тут абліваліся слязьмі, — тут гараваў працоўны люд ад гэных войн, ад гэных смут. Дубоўка.

2. указальны. Гэты. [Гаспадар] змоўк на хвіліну, думаў, што Папас нешта адкажа на гэныя словы пра махорку, але не дачакаўся Панасавых слоў і працягваў гаворку сам. Галавач.

гэта, часціца.

1. указальная. Служыць для выдзялення, падкрэслівання таго ці іншага слова ў сказе. І яшчэ было чым міла Тое поле хлапчуку, Гэта тым, што дзед Курыла Там яго трымаў руку. Колас. Гэта Ленін навучыў, каб народ шчасліва жыў. З нар. // Паказвае на ўдакладняльны сэнс другой часткі выказвання. Адзін дуб у полі — гэта не лес. ▪ Службовы аўтобус імчыцца па бетаніраванай дарозе — гэта едуць у Бярозу.. будаўнікі. Дадзіёмаў.

2. узмацняльная. Служыць для ўзмацнення значэння папярэдняга займенніка, прыслоўя, часціцы ў пытальных, клічных і даданых сказах. [Альжбета:] Куды вы, родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Купала. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! А. Александровіч. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, як гэта было намечана раней. Колас.

•••

Гэта яшчэ (толькі) кветачкі — пра пачатак чаго‑н., звычайна непажаданага, за якім трэба чакаць яшчэ большага.

гэтак, прысл.

Разм. Тое, што і так. [Пніцкі] гэтак захапіўся гаворкаю, што прагаварыў доўга. Чорны.

•••

І гэтак далей (скарочана: і г. д.) гл. далей.

І так, і гэтак гл. так.

гэтаксама, прысл.

Разм. Тое, што і таксама. Чаркашын паявіўся ў дзвярах гэтаксама, як і ў акне. Прасунуў доўгія рукі ў белых рукавах і пачаў адчыняць другую палавіну дзвярэй — была адчынена толькі адна. Пташнікаў.

гэтакі і гэткі, ‑ая, ‑ае, займ.

Разм. Тое, што і такі. Дарогу! Дарогу сустрэчнаму плану! З гэтакім лозунгам хто ж не згодзіцца? Крапіва. — Няўжо табе, Амяллян, не сорам глядзець на гэтакі двор? — пачаў ушчуваць яго Журавінка. Лобан. Душой я вольны чалавек І гэткім буду цэлы век! Купала.

гэткі,

гл. гэтакі.