Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...гонны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: такі, што садзейнічае выдзяленню чаго‑н., названага ў першай частцы слова, напрыклад: глістагонны, патагонны.

гайда́цца,а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца і го́йдацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рытмічна хістацца з боку ў бок або зверху ўніз. Гайдацца на гушкалцы. ▪ Над пожняй хвоя, Быццам памяло, Гайдаецца і размятае хмары. Макаль. // Мець хвалісты выгляд, пералівацца хвалямі (пра якую‑н. паверхню). Акіян гайдаўся на прасторы. Звонак. Густы, працяглы шолах на кукурузным полі. Радасна пазіраць Тасі, як плыве, гайдаецца пад ветрам зялёнае мора. Бялевіч.

2. Зал. да гайдаць.

гайда́ць,а́ю, ‑а́еш, ‑а́е і го́йдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Рытмічна хістаць з боку ў бок або зверху ўніз. Гайдаць калыску. ▪ Лес разбуджаны голле гайдае. Гаўрусёў. Любоўна ветры па загонах Жытцо, ярынку чуць гайдалі. Колас. / у безас. ужыв. Параход злёгку гайдала.

гара, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. ▪ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (горы, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. ▪ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гарой. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

го, выкл., часта з паўтарэннем (го-го-го!).

1. Ужываецца для выражэння пачуццяў радасці, здзіўлення і пад. — Го, якая радасць! .. — пачуўся голас сувязнога. М. Ткачоў.

2. Ужываецца як прызыўнае слова, кліч. Яшчэ момант, і пачуўся нясмелы воклік. — Гого! — Го! — адгукнуўся дзед Талаш, пазнаўшы голас свайго Панаса. Колас.

3. Ужываецца гукапераймальна для выражэння грубага смеху. — Го-го! — рагочуць падлетні. Ракітны.

гогаль, ‑я, м.

1. Вадаплаўная птушка пад. сямейства качыных.

2. Фасон мужчынскай футравай шапкі.

3. у знач. прысл. гогалем. Важна, ганарыста (хадзіць, трымаць сябе). На перапынках Венька хадзіў па класе гогалем. Шыловіч.

гогаль-могаль, ‑я, м.

Сыры яечны жаўток, расцёрты з цукрам.

[Ням. Gogel-Mogel.]

гогат, ‑у, М ‑гаце, м.

1. Крык гусей. Гусі адказвалі зладжаным гогатам — усе адразу, нібы рагаталі з .. [Шаройкі]. Шамякін. Гусі з гогатам удзячным Пачастунак ловяць смачны. А. Александровіч.

2. Разм. Гучны нястрымны смех. Сярод людской гаманы — віск, гогат. Ракітны.

год, ‑а, М ‑дзе; мн. гады, ‑оў і год; м.

1. Прамежак часу з 1 студзеня, за які Зямля робіць адзін паварот вакол Сонца (уключае ў сябе 365 ці 366 сутак, або 12 каляндарных месяцаў). Адыходзілі вёсны і зімы, І гады за гадамі плылі. Колас.

2. Адрэзак часу ў 12 месяцаў, які адлічваецца з якога‑н. дня. Аб усім утрая Клапаціцца гатоў, Быццам думаю я Жыць яшчэ сто гадоў. Гілевіч.

3. толькі мн. Ужываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам для абазначэння дзесяцігоддзя. Саракавыя гады дваццатага стагоддзя. Камсамольцы дваццатых гадоў.

4. толькі мн. Адрэзак часу ў некалькі год. Пасляваенныя гады. Гады росквіту культуры і народнай гаспадаркі.

5. толькі мн. Узрост; перыяд, пара ў жыцці чалавека. Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, чалавек сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар. Колас.

6. Адрэзак часу, на працягу якога планета робіць абарот вакол Сонца. Год Марса.

•••

Высакосны год — кожны чацвёрты год, які мае ў лютым не 28, а 29 дзён.

Зорны год — прамежак часу, за які Сонца робіць свой бачны шлях па нябеснай сферы адносна зорак.

Навучальны год — час вучэбных заняткаў ад канца адных і да пачатку наступных летніх канікул.

Новы год — дзень 1 студзеня.

Светлавы год — адзінка адлегласці, роўная шляху, які праходзіць прамень святла за трапічны год.

Трапічны год — прамежак часу паміж двума праходжаннямі Сонца цераз пункт веснавога раўнадзенства.

Адны гады; у адных гадах — аднолькавы ўзрост; аднагодкі, равеснікі.

Без году тыдзень гл. тыдзень.

Гады падышлі — настаў ўзрост, калі патрэбна зрабіць што‑н.

Гады ў рады — вельмі рэдка (бываць дзе‑н., сустракаць з кім‑н. і інш.).

Год ад году — з кожным годам.

З году ў год — пастаянна, на працягу некалькіх гадоў.

З малых гадоў (год) — з дзяцінства.

На схіле гадоў (год) гл. схіл.

Не па гадах — неадпаведна ўзросту, не падыходзіць па ўзросту.

Па маладосці гадоў гл. маладосць.

У гадах — пажылога ўзросту.

годзе, прысл.

Хопіць, досыць, даволі. Парабак не сцярпеў: Годзе для ўцехі панскай карак гнуць! Панчанка.

•••

І годзе; ды і годзе — і ўсё тут, і кончана. Смех, ды і годзе. ▪ — А кінь ты.., — адмахваецца Параска. — Не пайшла, і годзе. Што я маладая? Кавалёў.