Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

вёрстка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. вярстаць.

2. Звярстаны набор; адбітак звярстанага набору. Чытаць вёрстку.

вёрткасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вёрткага.

вёрткі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны да хуткіх і спрытных рухаў. Каля става ў празрыстай вадзе мігцелі вёрткія плоткі. Броўка. Сівы па старасці год, Далодка быў яшчэ вёрткім чалавекам.. і не пераставаў цікавіцца ўсім, што адбывалася навокал. Грамовіч.

2. перан. Разм. Які хутка знаходзіць выхад з цяжкага становішча; пранырлівы. [Дзяжэвіч:] — Я чалавек вёрткі: ты мяне пад лёд, а я адтуль з рыбкай у руцэ. Асіпенка.

вёсачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да вёска (у 1 знач.); невялікая вёска. Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялічкая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Колас.

вёсельны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і вёславы.

вёска, ‑і, ДМ вёсцы; Р мн. ‑сак; ж.

1. Сельскае паселішча. Палеская вёска. ▪ Вёска, дзе была.. школа, спадабалася мне — невялікая, з адной толькі вуліцай, і ўся нібы замаскіраваная ў зеляніне. Кавалёў.

2. Сельская мясцовасць. Паехаў працаваць на вёску. // Жыхары вёскі; сялянства, вясковае насельніцтва. [Мужык:] — [Хлопчык] як пачне іграць на дудачцы, дык уся вёска збягаецца слухаць. Якімовіч. З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

вёславы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вясла 1; з вёсламі.