Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

вы, вас, вам, вас, вамі, аб вас; адз. ты; займ. асаб. 2 ас. мн.

Ужываецца пры звароце да некалькіх асоб, а таксама як форма ветлівага звароту да адной асобы.

•••

Быць з кім на вы гл. быць.

вы... прыстаўка.

Надае слову значэнне: 1) рух знутры, сярэдзіны чаго‑н., напрыклад: выбегчы, выехаць; 2) закончанасць або завершанасць дзеяння, напрыклад: выкасіць, вылавіць; 3) дасягненне чаго‑н. пры дапамозе дзеяння, напрыклад: выслужыць, выглядзець; 4) здабыванне, выманне з сярэдзіны часткі прадмета або аднаго прадмета з другога, напрыклад: вывінціць, выняць; 5) у спалучэнні з часціцай ‑ся (‑ца, ‑цца) перадае поўную вычарпанасць дзеяння, напрыклад: вылежацца, выспацца.

выараны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выараць.

выарацца, ‑арацца; зак.

Аказацца выкінутым наверх пры ворыве.

выараць, ‑ару, ‑араш, ‑ара; зак. што.

Выкінуць наверх пры ворыве. Выараць бульбу. Выараць скарб.

выбавіцца, ‑баўлюся, ‑бавішся, ‑бавіцца; зак.

Разм. З вялікімі намаганнямі выбрацца адкуль‑н. — І не думай выходзіць у поле — згоніць ветрам з дарогі, абмарочыць, закруціць — не выбавішся з сумётаў і гурбаў. Сачанка. // перан. Выйсці з цяжкага становішча. Дыхаць [Слімак] пачаў хутка-хутка, як бы выбавіўшыся ад смяротнай небяспекі. Лынькоў.

выбавіць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак.

Разм.

1. каго-што. Выцягнуць, дастаць што‑н., што засела, загрузла. Выбавіць воз з гразі. Выбавіць каня з дрыгвы. ▪ [«Газік»] глыбока засеў усімі сваімі чатырма гумавымі нагамі, і часам здавалася, што цяпер не ўсякая сіла зможа яго выбавіць. Ракітны. // перан.; каго. Вызваліць каго‑н. адкуль‑н., дапамагчы выйсці з цяжкага, небяспечнага становішча. Выбавіць з няволі. Выбавіць з бяды. ▪ [Патапчык:] — Мабыць, пакуль мы тут жартуем, Сымона ў склеп запраторылі. Хадзем, выбавім мы яго адтуль. Чарнышэвіч.

2. каго. Пераканаць, прымусіць каго‑н. выйсці, выехаць адкуль‑н. Выбавіць дзяцей з хаты на вуліцу.

3. што. Знайсці вольны час. [Якубовіч:] — Мой Амелька, як выбавіць дома вольную часіну, трынкае на мандаліне. Хадкевіч.

вы́бай, ‑баю, м.

Калдобіна, яма, якая ўтварылася на дарозе ад язды.

выбалбатацца, ‑бачуся, ‑бачашся, ‑бачацца; зак.

Разм. У пустой нястрымнай размове сказаць усё, пра што хацелася сказаць і здаволіцца гаворачы.

выбалбатаць, ‑бачу, ‑бачаш, ‑бача; зак., што.

Расказаць пра тое, што неабходна было трымаць у сакрэце.