Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

вегетарыянец, ‑нца, м.

Чалавек, які спажывае толькі раслінную і малочную ежу; прыхільнік вегетарыянства.

вегетарыянка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да вегетарыянец.

вегетарыянскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да вегетарыянца, вегетарыянства. Вегетарыянская страва.

вегетарыянства, ‑а, н.

Сістэма харчавання, якая дазваляе ўжываць толькі раслінныя і малочныя прадукты.

[Ад лац. vegetraius — раслінны.]

вегетатыўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для жыўлення, росту жывёльных і раслінных арганізмаў. Вегетатыўныя органы.

•••

Вегетатыўнае размнажэнне гл. размнажэнне.

Вегетатыўная нервовая сістэма гл. сістэма.

[Лац. vegetativus.]

вегетацыйны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да вегетацыі.

•••

Вегетацыйны перыяд гл. перыяд.

вегетацыя, ‑і, ж.

Спец. Рост і жыццёвая дзейнасць раслін.

[Лац. vegetatio.]

ведама,

1. безас. у знач. вык. Тое, што і вядома (у 1 знач.). Ведама, старому дык і ўлетку холадна. Якімовіч.

2. у знач. часціцы. Ужываецца ў тых выпадках, калі трэба адзначыць, канстатаваць што‑н. [Дзядок:] — Да нас, праўда, рэдка даязджаюць: ведама бездараж, балота. Грахоўскі.

•••

Давесці да ведама гл. давесці 1.

Прымаць да ведама гл. прымаць.

ведамасны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ведамства. Ведамаснае падпарадкаванне. Ведамасны транспарт.

ведамасць, ‑і, ж.

1. Спіс, зводка якіх‑н. фактычных даных. Справаздачная ведамасць. Разліковая ведамасць.

2. толькі мн. (ведамасці, ‑ей). Ужываецца ў складзе назваў некаторых перыядычных выданняў. Ведамасці Вярхоўнага Савета СССР.

•••

Закрыць ведамасць гл. закрыць.