Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

блага,

1. Прысл. да благі.

2. безас. у знач. вык. Пра дрэнныя, неспрыяльныя абставіны, акалічнасці. От прыехала [Галя] ў чужую вёску, і не так ужо тут блага. Ермаловіч.

3. безас. у знач. вык. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан каго‑н. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады. Быкаў.

благавешчанне, ‑я, н.

Уст. Адно з веснавых хрысціянскіх свят. Адзін раз у год, на благавешчанне, прыязджаў сюды [у Цельшына] бацюшка з Малевіч. Колас.

благавешчанскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да благавешчання.

благанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. благаць.

благароддзе, ‑я, н.

У дарэвалюцыйнай Расіі — тытулаванне, наданае афіцэрам да штабс-капітана і роўным па чыне цывільным чыноўнікам (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «іх»). Мікіта сядзеў і думаў пра дом. У гэты час да яго прыйшоў веставы ад ротнага .. — Іх благароддзе загадалі зараз жа прыйсці. Галавач.

благаславенне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. благаслаўляць — благаславіць (у 1 знач.).

2. Разм. Ухваленне чаго‑н.; згода на што‑н. Так было да часу, пакуль не парадзела ў хлявах, пакуль не дала свайго благаславення маці на аддзел Платона. Ракітны.

3. Падзяка, хвала. Благаславенне табе і ўся душа табе, мясціна, дзе радзіўся і вырас чалавек! Чорны.

благаславенны, ‑ая, ‑ае.

Варты благаславення (у 3 знач.), падзякі, хвалы. Зноў прыйшоў благаславенны час. Гальвасы навечна выехалі адсюль. Чорны. [Марыя:] — Благаславенныя пад небам І матчын хлеб, і родны дом! Аўрамчык. // Высок. Шчаслівы, багаты. [Гогіберыдзе:] — Сям’я мая ціха і мірна жыве ў благаславеннай Кахетыі. Самуйлёнак.

благаславёны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад благаславіць.

2. у знач. прым. Тое, што і благаславенны. «Мая краіна! Ці ж гэта ты, такая доўгачаканая, благаславёная?» Пестрак. Па хлеб мы ездзім за край свету, у благаславёны Алатау. Васілёнак.

благаславіць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

1. Перахрысціць каго‑н. са словамі малітвы, з пажаданнем удачы, шчасця. [Янка Андрэю:] — Валяй, браце. Абедзвюма рукамі благаслаўляю цябе ў дарогу. Няхай будзе яна насыпана жоўценькім пясочкам! Колас. Добрай матчынай рукою Благаславі на трудны шлях. Глебка.

2. Ухваліўшы, накіраваць на што‑н. Калі ж, палаючы ў агні, мяне Радзіма Пазвала ў паход у грозны час, — На подзвігі яна благаславіла І матчын аддала мне свой наказ. Русак. // Ухваліць, даць згоду на што‑н. — Давайце, хлопцы, пачынайце, — благаславіў Варанецкі. Дуброўскі. Але выбіраць не прыходзілася, і Панасюк, які вярнуўся ад шаўца з добрымі весткамі, благаславіў гэты сумесны твор у друк. Навуменка.

благаслаўляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да благаславіць.