Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ашаламані́цца, ‑маню́ся, ‑мо́нішся, ‑мо́ніцца; зак.

Абл. Тое, што і ашаламіцца. Адам Бародзіч як бы крыху ашаламаніўся ад гэтай Галенінай гаворкі. Чорны. Прахапіліся [хлопцы] і ашаламаніліся: давай ісці назад у Нясвіж! Лужанін.

ашаламаніць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак., каго.

Абл. Тое, што і ашаламіць. Трапятун са скуры лузаецца, каб ашаламаніць вас патокам слоў і ў той жа час не выказаць ніводнай свае думкі. Вітка.

ашаламленне, ‑я, н.

Стан разгубленасці або атупення.

ашаламляльны, ‑ая, ‑ае.

Здольны ашаламіць (у 3 знач.). Ашаламляльная вестка.

ашаламляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ашаламіць.

ашаламіцца, ‑ламлюся, ‑ломішся, ‑ломіцца; зак.

Разгубіцца, здзівіцца. Незнаёмаму з тутэйшымі балотамі чалавеку небяспечна забірацца ў гэтыя нетры: заедзеш, ашаломішся, заблудзіш і не патрапіш выбрацца, бо, апроч густых чаротаў ды неба над галавою, нічога не ўбачыш. Колас. — Не пазнаеш? — перачытаў Рыгора Артур. — Ах, даруй, я зусім ашаламіўся... Гартны.

ашаламіць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; зак., каго.

1. Задурыць галаву. [Старая:] — Ашаломяць .. [вучні] цябе, дзеткі, за ўвесь дзень. Брыль. Ганна тройчы прыгубіла І чарку ўсю перакуліла. — Ой, буду п’яна — ашаломіць. Колас.

2. Аглушыць моцным ударам па галаве.

3. Зрабіць моцнае ўражанне, здзівіць; збянтэжыць. Тэлеграма аб смерці маці..[Веру] зусім ашаламіла. Дамашэвіч. Выпадак з арыштам зусім ашаламіў Андрэя. Галавач.

ашалеласць, ‑і, ж.

Стан ашалелага.

ашалелы, ‑ая, ‑ае.

1. Які захварэў на шаленства, звар’яцеў.

2. Раз’юшаны, узлаваны. Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Лынькоў. На падмогу яму падскочылі два таварышы і ледзь утрымалі ашалелага каня. Машара. // Збянтэжаны ад страху, разгублены. [Немцы] .. правялі прамільгнуўшага перад імі матацыкліста ашалелымі позіркамі. Шамякін.

3. перан. Нястрымны, магутны. Вада кідалася на турбінныя таркі з вялікім ашалелым напорам. Баранавых. І ляцелі на вёскі З новай весткай няспынна Ашалелыя, З грывай агню Цягнікі. Танк.

ашалець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Захварэць на шаленства; звар’яцець.

2. Разм. Прыйсці ў стан раз’юшанасці; здурнець ад страху. — Ашалець трэба ад усёй гэтай бухгалтэрыі! — гаворыць Шарэйка. Брыль. [Наздрэйка:] — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!... Што ты мне вокны б’еш? Крапіва.