Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ас, ‑а; Р мн. асаў; м.

Лётчык-знішчальнік, які выдатна авалодаў лётным і баявым майстэрствам, майстар паветранага бою.

[Фр. as — туз.]

аса, ‑ы; мн. восы, восаў; ж.

Перапончатакрылае з джалам насякомае. Залацістымі іголкамі прашывалі паветра навокал яго [ствала дрэва] імклівыя жоўтыя восы. Лынькоў.

•••

Асою лезці ў вочы гл. лезці.

асаблівасць, ‑і, ж.

Характэрная, адметная ўласцівасць, якасць, прыкмета каго‑, чаго‑н. Псіхічныя асаблівасці чалавека. Асаблівасці правапісу.

асаблівы, ‑ая, ‑ае.

1. Не падобны да іншых; не такі, як усе, адметны. [Лялькевічу] хацелася сказаць.. [Сашы] нейкія асаблівыя, надзвычай цёплыя і сардэчныя словы. Шамякін.

2. Больш значны, чым звычайна. Максім з нейкай асаблівай акуратнасцю павесіў на куст складзены і ўсё яшчэ доўгі ру[ч]нік. Брыль.

асабняк, ‑а, м.

Дом багатага ўласніка, пабудаваны асобна для адной сям’і. Белы двухпавярховы асабняк.. быў аддзелены ад вуліцы нешырокім палісаднікам. Маўр.

асабовы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўласцівы пэўнай асобе; які мае дачыненне да пэўнай асобы.

2. Які выражае граматычную катэгорыю асобы. Асабовыя канчаткі дзеяслова. Асабовыя займеннікі.

•••

Асабовая справа гл. справа.

Асабовы рахунак гл. рахунак.

Асабовы склад гл. склад 2.

асабісты, ‑ая, ‑ае.

1. Які належыць пэўнай асобе, якім карыстаецца гэта асоба. Асабістая ўласнасць, бібліятэка, зброя, думка. Асабісты вопыт. // Прызначаны для абслугі якой‑н. асобы. Асабістая ахова. Асабісты прадстаўнік. Асабісты сакратар. // Уласцівы пэўнай асобе. Асабісты недахоп. Асабістыя якасці, перажыванні.

2. Які датычыцца якой‑н. асобы, закранае яе інтарэсы. Асабістая крыўда. Асабістыя правы грамадзян. Асабістая патрэба. // Звязаны з прыватным, сямейным жыццём, з прыватнымі, сямейнымі адносінамі пэўнай асобы. Асабістае шчасце. / у знач. наз. асабістае, ‑ага, н. Гарманічнае спалучэнне асабістага з грамадскім. // Які накіраваны на пэўную асобу, закранае яе. Асабістая знявага. Асабісты вораг.

3. Які ажыццяўляецца пэўнай асобай, які зыходзіць ад пэўнай асобы. Асабісты прыклад. Асабістая прысутнасць, ініцыятыва, зацікаўленасць.

асавелы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і асалавелы.

асавець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Тое, што і асалавець.

асавік, ‑а, м.

Абл. Ядомы грыб з чырвонай шапкай; падасінавік. Паміж леташніх лістоў Чырванее асавік, А за ім — кароль грыбоў, Сам магутны баравік. Глебка. Лепей, вядома, было прайсці ў лажок і там карчаваць чырвонагаловыя асавікі. Васілевіч.