Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

амазонка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Жанчына-коннік. [Таня:] — Я недзе чытала, што ў даўнія часы былі жаночыя войскі. Здаецца, амазонкамі звалі. Новікаў.

2. Доўгая жаночая сукенка для язды на конях. Імчаліся конна маладыя паненкі ў чорных амазонках. Бядуля.

3. часцей мн. (амазонкі, ‑нак). Паводле грэчаскай міфалогіі — ваяўнічае племя жанчын.

амаладжэнне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. амаладзіць, амаладзіцца.

амаладзіцца, ‑ладжуся, ‑лодзішся, ‑лодзіцца; зак.

Стаць маладым, маладзейшым. // Уключыць у свой склад большую колькасць моладзі (пра арганізацыю).

амаладзіць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; зак., каго-што.

1. Зрабіць маладзейшым. // Увесці моладзь у склад чаго‑н. Амаладзіць праўленне.

2. Узмацняючы дзейнасць залоз унутранай сакрэцыі, вярнуць арганізму ўжо страчаныя адзнакі маладосці. // Абрэзаць сучча і голле старога дрэва для ўзмацнення росту маладых парасткаў.

амалоджаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад амаладзіць.

амалоджванне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. амалоджваць — амаладзіць і амалоджвацца — амаладзіцца.

амалоджвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да амаладзіцца.

2. Зал. да амалоджваць.

амалоджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да амаладзіць.

амаль, прысл.

Мала чаго не хапае да чаго‑н., ледзь не.., каля, блізка, прыблізна каля... Лапата была старая, іржа амаль наскрозь праела жалеза. Самуйлёнак. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся.. [Астап і Міколка] да горада. Лынькоў.

амальгама, ‑ы, ж.

Сплаў некаторых металаў (золата, срэбра і інш.) з ртуццю, а таксама раствор металу ў ртуці.

[Фр. amalgame з араб.]