Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

авадзень, ‑дня, м.

Двухкрылае насякомае, лічынкі якога паразітуюць у целе жывёл. А авадні, як рой пчаліны, Сляпіцай лезуць да скаціны. Колас.

аваднёвы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да авадня, аваднёў. Аваднёвая інвазія.

авал, ‑а, м.

Фігура, утвораная замкнутай крывой, якая нагадвае форму падоўжанага разрэзу яйца. Шырокі лоб і авал твару з вастраватым падбародкам казалі за тое, што Іван Тадорык, як відаць, чалавек з выдатнымі здольнясцямі. Колас.

[Фр. ovale.]

авалоданне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. авалодваць — авалодаць.

авалодаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Захапіць, узяць сілай; завалодаць. Спроба ворага з ходу авалодаць пераправай.. не ўдалася. Брыль. // перан. Падначаліць сабе, падпарадкаваць свайму ўплыву. Авалодаць увагай.

2. Ахапіць, апанаваць (пра стан, думкі, пачуцці). Цяжкая стома авалодала ўсім целам, не хапала паветра. Гамолка. «Глупства ўсё гэта, не можа быць», — суцяшаў сам сябе Казімір, як бы баючыся таго новага пачуцця, што авалодала ўсёй яго істотай. Краўчанка.

3. Трывала засвоіць што‑н., навучыцца карыстацца, кіраваць чым‑н. Авалодаць англійскай мовай. Авалодаць агратэхнікай. Авалодаць станком.

•••

Авалодаць сабой — вярнуць страчанае самамавалоданне. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. Чорны.

авалодванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. авалодваць — авалодаць.

авалодваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да авалодаць.

авальнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць авальнага.

авальны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму авала. Гэты пакой — пусты, авальнай формы, вышынёю ахоплівае два паверхі. Бядуля. Вакол рота на запалых шчоках прарэзаліся авальныя маршчыны. Дамашэвіч.

авангард, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Частка войска або флоту, якая знаходзіцца наперадзе галоўных сіл. Авангард.. [белапалякаў] ужо выйшаў на правы бераг, кіламетрах у паўтара ад таго месца, дзе занялі пазіцыю партызаны. Колас.

2. перан. Найбольш свядомая, вядучая частка якой‑н. грамадскай групы, класа. Выбіраючы рабочую партыю, марксізм выхоўвае авангард пралетарыяту, здольны ўзяць уладу і весці ўвесь народ да сацыялізма, накіроўваць і арганізоўваць новы лад, быць настаўнікам, кіраўніком, правадыром усіх працоўных і эксплуатуемых у справе ўстройства свайго грамадскага жыцця без буржуазіі і супроць буржуазіі. Ленін.

•••

У авангардзе — наперадзе, у першых радах.

[Фр. avant-garde.]