Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

бегемотавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бегемота. Бегемотавая шкура.

бегласць, ‑і, ж.

Уласцівасць беглага (у 2, 3 і 4 знач.).

беглы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. беглы, ‑ага, м.; беглая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.

2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.

3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. ▪ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.

4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.

•••

Беглая галосная гл. галосны.

Беглы агонь гл. агонь.

бегма, прысл.

Абл. Бягом. І адкуль толькі спрыт узяўся ў дзеда, кінуўся ён бегма да капітанскага мосціка. Лынькоў.

•••

Бегма бегчы гл. бегчы.

бегунок, ‑нка, м.

Дэталь у круцільным механізме прадзільнай машыны і ў некаторых іншых машынах і прыстасаваннях.

бегчы, бягу, бяжыш, бяжыць; бяжым, бежыце, бягуць; незак.

1. Хутка рухацца, перамяшчацца, моцна адштурхоўваючыся ад зямлі нагамі. З перакошанымі ад страху тварамі беглі салдаты з насілкамі, з лапатамі. Лынькоў. // Імкліва накіроўвацца куды‑н., рухацца ў якім‑н. напрамку. — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. // Спяшаючыся, ісці куды‑н. Бегчы на працу. ▪ [Гвардыяніха:] — Ой, заседзелася я, чэснае слова... Трэба бегчы. Зарэцкі.

2. Далёка без канца цягнуцца (пра дарогу, сцежку і пад.). Сцежка ў вёску бяжыць, пятляе паміж надрэчных кустоў. Брыль. // Распасцірацца, пралягаць; мець які‑н. напрамак. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна без заганы Зялёны дол гаспадары. Колас.

3. Ліцца, цячы бесперастанным патокам. Унь там рачулка срэбрам літым Бяжыць па жолабе размытым. Колас. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорку, з хвойніку. Чорны. // Цячы цурком. За каўнер струменямі сцякае вада і бяжыць па целе. Шамякін. Слёзы беглі па [Марыліным].. схудзелым твары. Крапіва. // Выцякаць цераз край пры награванні, браджэнні. Малако бяжыць. Цеста бяжыць. // Хутка рухацца, перамяшчацца (пра хвалі, воблакі, агонь і пад.). Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, І ўсё навокала сном адвечным спіць. Багдановіч.

4. Праходзіць, працякаць (пра жыццё, час). І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Лынькоў. Прывет вам, вольныя паэты, Хай час ваш радасна бяжыць! Купала. Як аслупянелы, стары доўга стаяў на адным месцы, пакуль стаў заўважаць адзнакі таго, што жыццё бяжыць. Чорны. // перан. Наступаць, падыходзіць. Сакавік ідзе бадзёра, Побач з ім вясна бяжыць. Галіноўская.

5. Адступаць пад націскалі якой‑н. сілы (пра разбітую армію, войска і пад.).

6. Рухацца, перамяшчацца (пра машыны, паязды і пад.). Па дарогах адна за другой бягуць перагружаныя збожжам, машыны, ззаду за імі цягнуцца высокія слупы пылу. Дуброўскі.

7. Мільгаць (пра ўяўны рух прадметаў, каля якіх чалавек вельмі хутка рухаецца). Бягуць насустрач прыгарады, дачныя пасёлкі з пералескамі, усё цудоўнае Падмаскоўе з карагодамі па-дзявочаму стромкіх белых бярозак. Сяргейчык. // Хутка несціся, рухацца (пра хмары, цені і пад.). Як праходзіў паўз.. [скверык] трамвай, рухавае святло бегла па дрэвах. Чорны.

8. Пашырацца, даносіцца, далятаць (пра гукі). З клуба бяжыць на вячэрнія кварталы музыка раяля, песні і смех. Чорны. // Распаўсюджвацца, пашырацца (пра чуткі, звесткі). Па цэлым па Саюзе Бяжыць хай пераклічка: Ўраўнілаўку руйнуйце, Касуйце абязлічку! Купала.

9. перан. Узнікаць, цячы (пра думкі). Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі. Купала.

•••

Бегма (бягом) бегчы — вельмі спяшацца; не ісці, а бегчы.

Бегчы без аглядкі — вельмі хутка бегчы.

Бегчы за вачыма — не выбіраючы шляху.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, імкліва.

(Бегчы, ісці) куды вочы глядзяць — без пэўнага кірунку, не выбіраючы шляху.

(Бегчы) куды папала — без разбору, не выбіраючы месца, шляху.

Бегчы на ўсю сілу — вельмі моцна, хутка.

Бегчы як жару ўхапіўшы — як мага хутчэй, стрымгалоў.

бедаванне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. бедаваць.

бедаваць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

бедалага, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лазе, Т ‑ай, ‑аю, ж.

Разм. Чалавек, які трапіў у бяду. Мой ложак стаяў побач, і я дапамагаў няшчаснаму бедалагу чым толькі мог. С. Александровіч. Тут [у хвасце калоны] былі адны бедалагі — зусім аслабелыя і дужа параненых. Быкаў. // Нешчаслівы, варты спачування чалавек. [Толік з маці] жылі ў падсуседзях, у зямлянцы старога Лукаша, які памёр, бедалага, у сорак чацвёртым. Мыслівец.

бедачына, ‑ы, м. і ж.

Разм. Тое, што і бедалага. — Загінуў бедачына, — з ноткаю жалю сказаў [лейтэнант]. Колас. Толькі з яе мужа.. [паляўнічыя] часам падсмейваліся: вось бедачына, сам і дадому не ўмее даехаць. Кірэенка.