Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

баўэр, ‑а, м.

Нямецкі селянін-землеўласнік. Пракрадваючыся ў нямецкія вёскі і фальваркі баўэраў, яны [уцекачы] здабывалі што-кольвечы з ежы. Быкаў. Пакуль Чырвоная Армія вызваліла Усходнюю Прусію, Дзяніс парабкаваў у нямецкага баўэра. Гроднеў.

бе, выкл.

Гукапер. Аб бляянні авечак, коз. І вось, калі ўжо ўсё жывое спала, Авечка нейкая: — Бе! Бе! — чагосьці забляяла. Корбан.

бег, бегу, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. бегаць (у 1, 2 знач.) і бегчы (у 1, 3–6 знач.).

2. Практыкаванне або спаборніцтва ў беганні. Бег на сто метраў.

•••

Марафонскі бег — спаборніцтва па бегу на дыстанцыю 42 км. 195 м.

Спрынтэрскі бег — бег на кароткія дыстанцыі.

Бег на месцы — а) спартыўнае практыкаванне, пры якім бягун, астаючыся на месцы, робіць рухі, уласцівыя бегу; б) (іран.) энергічная на першы погляд, а на самай справе марная, бескарысная дзейнасць.

На бягу — не маючы часу спыніцца. Адстрэльвацца на бягу.

бегавы, ‑ая, ‑ое.

1. Які служыць для бегу, шпаркай язды. Бегавая дарожка. Бегавыя лыжы. Бегавыя дрожкі.

2. Які мае адносіны да бегу як віду спорту або скачак рысакоў. Бегавая праграма.

беганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бегаць (у 1, 2 знач.).

беганіна, ‑ы, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле дзеясл. бегаць (у 1 знач.).

2. Сумятня, неразбярыха. На вуліцы ўшчыналася такая беганіна, што ад яе хацелася пад зямлю схавацца. Лобан.

бегатня, ‑і, ж.

Тое, што і беганіна. Праз хвілін пяць.. [Міхалка], стомлены за дзень бегатнёй за каровамі, моцна спаў. Чорны. І толькі .. [Рыгор] паспеў падысці к дзяўчыне, як сярод пасажыраў падняўся рух і бегатня. Гартны.

бегацца, ‑аецца; безас. незак.

Пра наяўнасць жадання або магчымасці бегаць.

бегаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. ▪ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. ▪ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

бегемот, ‑а, М ‑моце, м.

Буйная млекакормячая жывёліна атрада парнакапытных, якая жыве ў прэснаводных вадаёмах трапічнай Афрыкі.

[Стараж.-яўр.]