Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

істотнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць істотнага; значнасць, важнасць. Горка маці ад усведамлення істотнасці гэтай трывогі. Ды ці адной ёй горка!.. Лось.

істотны, ‑ая, ‑ае.

Які складае сутнасць або датычыцца сутнасці чаго‑н.; значны, важны, асноўны. Істотны недахоп. Істотная розніца. Істотны ўклад у навуку. ▪ Кастрычніцкія дні 1917 года ў былой Расіі зрабілі вельмі істотную папраўку да гісторыі грамадства. Галавач. Мова героя — адзін з істотных сродкаў раскрыцця і выяўлення яго ўнутранага свету. Барсток.

істужачны і стужачны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і істужкавы.

істужка і стужка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жан; ж.

1. Палоска каляровай тканіны, якая скарыстоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і інш. мэт. Чырвоная істужка. ▪ Выйшла на пляц.. [Аксеня] — у шаўковых істужках, заплеценых у косы. Пестрак. // Палоска шаўковай тканіны пэўнага колеру і памераў для ордэнскага знака, медаля; нашыўка; знак адрознення. Ордэнская істужка. ▪ Гарэлі на сонцы чырвоныя істужкі на шапках у партызан. Шамякін.

2. Доўгая вузкая палоска з якога‑н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб. Ізаляцыйная істужка. ▪ Некаторы час тэлеграф маўчаў. І вось паплыла белая стужка з кропкамі і працяжнікамі. Алешка.

3. перан.; чаго. Тое, што ўецца, цягнецца вузкай доўгай паласой. Вузкая істужка рэек ляжала ўпоперак цераз Пнівадку. Чорны. За лугам сіняй істужкай вілася рэчка. Пестрак.

4. Рухомае перадатачнае палатно ў некаторых механізмах, транспартных прыстасаваннях. Канвеерная істужка. ▪ Пабеглі па бясконцай істужцы транспарцёра ўгору цагліны. Паслядовіч.

•••

Кінематаграфічная істужка — празрыстая істужкападобная плёнка з нанесеным на яе слоем святлоадчувальнай эмульсіі; кінаплёнка.

Кулямётная істужка — парусінавая або металічная палоска з гнёздамі для патронаў.

істужкавы і стужкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да істужкі (у 1 знач.). Істужкавая фабрыка. // Прызначаны для вырабу істужак. Істужкавыя машыны. // Зроблены з істужкі. Істужкавыя банцікі.

2. Які мае выгляд, форму істужкі, вузкі і доўгі. Істужкавыя чэрві. Істужкавыя расліны. Істужкавыя рыбы.

3. З рухомым палатном, лентай, пасам (пра розныя прыстасаванне механізмы). Істужкавы транспарцёр. ▪ У цэху — самы разгар работы. Ужо безупынна стракацяць стужкавыя пілы. Мыслівец.

істужкападобны і стужкападобны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму істужкі. Істужкападобнае лісце.

істэрык, ‑а, м.

Разм. Той, хто хварэе на істэрыю.

істэрыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Прыпадак істэрыі. Жанчына ўжо білася ў істэрыцы. Як маглі, суцяшалі яе блізкія. Лынькоў.

•••

Кідацца ў істэрыку гл. кідацца.

істэрычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да істэрык.

істэрычнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць істэрычнага.