Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

работадавец, ‑даўца, м.

Той, хто дае работу, наймае рабочую сілу.

работадаўца, ‑ы, м.

Тое, што і работадавец.

работка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да работа (у 2, 6 знач.); невялікая або прыемная работа. — Тады еш ды адпачні з дарогі, а я ў сад загляну, работку там яшчэ не паспеў кончыць. Парахневіч. [Забіч:] — Хораша працаваць! Ой хораша, калі так работка кіпіць! Савіцкі. // Разм. зневаж. Пра дрэнную работу. [Багуцкі:] — Эге, нікуды не варта работа такая. З такой работкай паравоз і перагона не пройдзе. Лынькоў.

работнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.

2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. ▪ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.

3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. ▪ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.

•••

Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.

работніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да работнік (у 1, 3 знач.).

2. Жанчына-рабочы.

•••

Хатняя работніца — жанчына, якая абслугоўвае па найму гаспадарку сям’і.

работнічак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да работнік. // Разм. зневаж. Пра дрэннага работніка. — Работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Вышынскі. Анатоль паківаў галавою: — Ну і работнічак будзе Івану. Ваданосаў.

рабочы 1, ‑ага, м.

1. Асоба, якая стварае матэрыяльныя каштоўнасці, працуючы на прамысловым прадпрыемстве: а) у капіталістычным грамадстве — прадстаўнік эксплуатуемага класа, пазбаўлены сродкаў вытворчасці; пралетарый; б) у сацыялістычным грамадстве — працоўны чалавек, што прафесійна займаецца вытворчай працай і належыць да рабочага класа, які з’яўляецца кіруючай сілай дзяржавы і валодае агульнанароднай уласнасцю на сродкі вытворчасці. Дзяржава рабочых і сялян.

2. Той, хто працуе па найму. Міхал — яму [ляснічаму] рабочых ставіў, І сенакосы яго правіў. Колас.

рабочы 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабочага 1, рабочых, належыць ім. Рабочая ўлада. Рабочы рэвалюцыйны рух. ▪ Ужо камунізм па Еўропе Тады не як прывід блукаў. Ужо з барыкады рабочай Ён свету свой сцяг паказаў. Куляшоў. // Уласцівы рабочаму 1, такі, як у рабочага 1. Рабочае жыццё. ▪ Нават рука .. [Нюры] была моцная, рабочая, з тоўстымі пальцамі і абрэзанымі да жывога пазногцямі. Дамашэвіч. // Які складаецца з рабочых. Рабочы клас. Рабочае асяроддзе. Рабочы калектыў. // Населены рабочымі. Рабочы квартал. Рабочы раён. Рабочы пасёлак.

2. Які жыве з работы сваіх рук, які з’яўляецца рабочым 1; працоўны. Рабочы чалавек. Рабочы народ. Рабочая моладзь.

3. Які выконвае карысную работу; які выкарыстоўваецца для карыснай работы (пра жывёл). Рабочы конь. Рабочая жывёла.

4. Які робіць карысную работу, карыснае дзеянне (пра механізм, яго часткі). Рабочае кола. ▪ Кустарэз з актыўным рабочым органам сканструяваны савецкімі інжынерамі ўпершыню ў практыцы сусветнага машынабудавання. «Маладосць». // Звязаны з карыснай работай механізма, яго часткі. Рабочы ход. Рабочы рэжым рухавіка. Рабочы момант.

5. Які мае адносіны да работы (у 1, 2 і 4 знач.). Рабочы стаж. Рабочы настрой. Рабочы шум. // Прызначаны для работы. Рабочы кабінет. Рабочае месца. Рабочая вопратка. ▪ [Калгасны двор] падзелены на тры асноўныя сектары: складскі, рабочы і жывёлагадоўчы. Брыль. // Неабходны для работы; які ўзнікае ў працэсе работы. Рабочы інструмент. Рабочая гіпотэза. Рабочы праект. ▪ Аднойчы я ўзяў у рукі .. рабочы план і пажартаваў: — Вера Адамаўна, вы напісалі яго зусім не па форме. Ермаловіч. // Устаноўлены для работы, заняты работай (пра час). Рабочы сезон. ▪ Вясна, лета — час рабочы: Ары, касі, жні. Купала. Скончыўся рабочы дзень — ля будынка дырэкцыі завода пачуўся свісток, і адначасова загудзеў гудок на заводзе. Пестрак.

•••

Рабочая сіла гл. сіла.

Рабочы дзень гл. дзень.

Рабочы тыдзень гл. тыдзень.

Рабочы факультэт гл. факультэт.

Рабочыя рукі гл. рука.

У рабочым парадку гл. парадак.

рабро, ‑а; мн. рэбры, ‑аў; н.

1. Дугападобная вузкая косць, якая ідзе ад хрыбетніка да грудной косці. Конь раней угнуў галаву, рэбры пад яго скурай захадзілі ходырам. Чорны.

2. Частка каркаса якога‑н. збудавання, прадмета, часцей выгнутая. Мужчыны звязвалі з жэрдак рэбры лодкі. Маўр. На рацэ ляжалі ў вадзе разадраныя выбухам фермы чыгуначнага моста і побач з імі прыгожа свяціліся рэбры новых пралётаў. Савіцкі.

3. Лінія перасячэння дзвюх плоскасцей. Рабро куба. Рабро піраміды. // Вузкі востры край чаго‑н. То прыгладзіць [муляр] гліну, то рабром [кельмы] зрэжа гурбяк на атынкаванай сцяне, то вострым кончыкам падчэпіць і адкіне кавалак старога тынку. Нядзведскі. // Вузкая старана якога‑н. прадмета (па яго даўжыні). Рабро цагліны. Рабро далоні. Ставіць дошку на рабро.

•••

Адны рэбры — вельмі худы, благі.

Палічыць рэбры гл. палічыць.

раброн, ‑а, м.

Старадаўняя жаночая сукенка з крыналінам.

[Фр. roberonde.]

рабрына, ‑ы, ж.

Разм. Адно рабро (у 1, 2 знач.). [Шпулькевіч:] — На мяне напалі палякі, збілі, рабрыну зламалі, нават знак астаўся. Чорны. Упёршыся худымі і пругкімі .. нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі і няспынна разгойдваўся ўперад-назад. Брыль.