Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ёрш 1, ярша, м.

1. Дробная прэснаводная касцістая рыба сямейства акунёвых з калючымі плаўнікамі. Адны дурныя пячкурыкі ды дробныя калючыя яршы чапляюцца на кручок. Якімовіч.

2. Шчотка для мыцця бутэлек, чысткі лямпавага шкла, частак механізмаў і пад.

ёрш 2, ярша, м.

Разм. Сумесь гарэлкі з півам, якая хутка і моцна ап’яняе.

ёсць 1,

1. Форма цяпер. часу ўсіх асоб адз. і мн. ліку дзеяслова «быць». Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі. Шамякін. [Хлопцы] не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карты і компас ёсць. Мележ.

2. Служыць звязкай у састаўным іменным выказніку. — Як не пазнаць! — сказаў стары. — Ты ёсць Наш стараста... З. Астапенка.

3. Ужываецца як вокліч радасці, задаволенасці з прычыны якой‑н. удачы. Ёсць! Трапіў якраз у цэль.

•••

Так і ёсць гл. так.

Што (колькі) ёсць духу гл. дух.

Як ёсць — усё, поўнасцю, цалкам. Ці добра мне, ці кепска мне, Я ўсё, як ёсць, перажыву. Астрэйка.

ёсць 2, выкл.

Адказ падначаленага камандзіру, які абазначае: зразумела, будзе выканана. — Адно аддзяленне накіруй праводзіць абоз, а тры — да мінёраў.. Сам, вядзі аддзяленне. — Ёсць! Можна ісці выконваць? М. Ткачоў.

ёт, ‑а, М ёце, м.

Назва зычнага гука, які ў лацінскім алфавіце абазначаецца літарай «j», а ў беларускай мове літарай «й» або не мае спецыяльнага літарнага абазначэння.

ёта, ‑ы, ДМ ёце, ж.

Літара грэчаскага алфавіта (J), якая абазначае гук «і».

•••

Ні на ёту — ані, ніколькі.

[Грэч. iōta.]

ётаваны, ‑ая, ‑ае.

Які вымаўляецца з гукам «ёт». Ётаваныя галосныя.

ётавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ётаваны.

ётацыя, ‑і, ж.

Спец. З’яўленне зычнага гука ёт (й) у пачатку слова перад галосным або ў сярэдзіне слова паміж галоснымі гукамі, напрыклад: ёд, свая, дзе «я» = «йа», «е» = «йэ», «ё» = «йо», «ю» = «йу».

ёю,

гл. яна.

ёўня, ‑і, ж.

Тое, што і асець. [Таццяна і Лясніцкі] зайшлі ў гумно, а потым праз вельмі вузкі праход, які нагадваў хутчэй нару, залезлі ў ёўню. Шамякін. Ліха яго ведае, можа, .. [гумно] само загарэлася: у той вечар сушылася ў ёўні грэчка. Сіўцоў.