Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рабаўласніцтва, ‑а, н.

Тое, што і рабаўладанне.

рабаўнік, ‑а, м.

Той, хто рабуе каго‑, што‑н.; грабежнік. Ці ён які рабаўнік, ці злыдзень, навошта б спыняць яму гэтага мірнага таўстуна, настаўляць на яго пісталет, тым болей рабаваць, калі б не фашызм, не вайна, не палон з тысячамі пакут і зняваг. Быкаў.

рабаўніца, ‑ы, ж.

Жан. да рабаўнік.

рабаўніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які прыводзяць да разарэння каго‑н.; грабежніцкі. Рабаўніцкая палітыка царскага ўраду. Рабаўніцкая рэформа 1861 г.

рабаўніцтва, ‑а, н.

Тое, што і рабаванне; грабежніцтва. Легіянеры часта рабілі налёты на сялянскія хаты, дзе займаліся рабаўніцтвам і катаваннем старых і малых. Бядуля. [Салавей:] — Забіраеце наш хлеб, вывозіце кароў. Гэта — рабаўніцтва, пан камендант. Грахоўскі.

рабаўнічы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рабаўніка, рабаўнікоў. Рабаўнічая натура. Рабаўнічая сутнасць.

2. Тое, што і рабаўніцкі. Рабаўнічая палітыка.

рабець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца рабым (у 1 знач.).

2. Здавацца рабым ад наяўнасці чаго‑н. рознакаляровага. Бірка .. ажно рабела ад значкоў. Бядуля.

рабкор, ‑а, м.

Рабочы карэспандэнт. [Газета] ужо некалькі гадоў выходзіць штодзённа, аб’ядноўвае вакол сябе вялікую колькасць рабкораў. «Звязда».

рабкораўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рабкора. Рабкораўская заметка.

работа, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. ▪ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. ▪ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (работы, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. ▪ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. ▪ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. ▪ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.