Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

...ком 1, ‑а, м.

Другая састаўная частка складанаскарочаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «камітэт», напрыклад: мясцком, заўком.

...ком 2, ‑а, м.

Другая састаўная частка складанаскарочаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «камісар», напрыклад: нарком, ваенком.

...кратны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: такі, што паўтараецца столькі разоў, большы ў столькі разоў, колькі паказвае першая частка, напрыклад: аднакратны, мнагакратны, пяцікратны.

...крос, ‑у, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «крос», напрыклад: велакрос, мотакрос.

...крылы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: а) які мае столькі крылаў (у 1, 2 і 3 знач.), колькі паказана ў першай частцы, напрыклад: двухкрылы; б) які мае такое крыло (у 1, 2 знач.), характарыстыка якому дадзена ў першай частцы, напрыклад: лёгкакрылы, чырванакрылы.

...кілаграмовы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, першая частка якіх з’яўляецца лічэбнікам і абазначае: «у столькі кілаграмаў, колькі паказвае лічэбнік», напрыклад: двухкілаграмовы, дзесяцікілаграмовы.

...кіламетровы, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных слоў, першая частка якіх з’яўляецца лічэбнікам і абазначае: у столькі кіламетраў, колькі паказвае лічэбнік, напрыклад: трохкіламетровы, дваццацікіламетровы.

...логія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных назоўнікаў, якая абазначае: «навука», «вучэнне», «веды», напрыклад: біялогія, псіхалогія, філалогія.

[Ад грэч. lógos — слова, думка, мова, розум.]

...манія, ‑і, ж.

Другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае любоў, цягу да таго, аб чым гаворыцца ў першай частцы, напрыклад: графаманія, наркаманія.

[Грэч. mania — шаленства, захапленне, цяга.]

...метр, ‑а, м.

Другая састаўная частка складаных слоў, якія абазначаюць: 1) працягласць у столькі метраў ці ў такую частку метра, колькі паказана ў першай частцы слова, напрыклад: кіламетр, сантыметр і інш.; 2) прыбор, інструмент для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова, напрыклад: тэрмометр, каларыметр; 3) спецыяліста ў галіне навукі, назва якой канчаецца на ...метрыя, напрыклад: геометр.

[Фр. mêtre, ад грэч. metron — мера.]

...метражны, ‑ая, ‑ае.

Другая састаўная частка складаных прыметнікаў са значэннем: мець такі метраж, які паказаны ў першай частцы слова, напрыклад: кароткаметражны, поўнаметражны.