Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

уясніцца, ‑ніцца; зак.

Стаць ясным, зразумелым.

уясніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што або з дадан. сказам.

Зрабіць ясным, зразумелым для сябе. Вялічка ўспомніў, што ён, калі быў яшчэ ў забыцці, чуў гэты шэпт, але не мог уясніць сабе яго як сапраўднасць. Чорны. Зачэпа прадаўжаў: — Мне здаецца, што вы добра ўяснілі, што галоўны наш вораг багатыя — цар, міністр, губернатар, пан. Асіпенка.

уяўленне, ‑я, н.

1. Стварэнне ў думках вобраза каго‑, чаго‑н.; узнаўленне ў свядомасці атрыманых раней успрыманняў. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любога чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган. У.. [Раманавым] уяўленні пачалі ўставаць малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны. Колас. // Канкрэтны вобраз прадмета ці з’явы, які раней уздзейнічаў на органы пачуццяў, але ў гэты момант непасрэдна не ўспрымаецца свядомасцю. Зрокавыя ўяўленні. Слыхавыя ўяўленні.

2. Псіхічны працэс, які заключаецца ў стварэнні новых вобразаў на аснове ўжо наяўных шляхам іх пераўтварэння. // Творчая фантазія. Уяўленне мастака.

3. Разуменне, веданне чаго‑н., заснаванае на вопыце. Ужо да вечара, агледзеўшы гаспадарку, новы старшыня меў ўяўленне аб яе моцных і слабых баках. Барашка. Рост самасвядомасці героя адбываецца па меры таго, як ён настойліва пераасэнсоўвае свае ранейшыя ўяўленні аб грамадстве. Луфераў.

уяўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уявіць.

уяўляцца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да уявіцца.

2. Зал. да уяўляць.

уяўляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да уявіць.

уяўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць уяўнага (у 1 знач.). [Тася:] — У думках — нібы кінакадры з твайго жыцця: мы разам, працуем, чытаем кнігі, у нас хлопчык! Абарвеш гэтую ўяўнасць, і такая горыч... Гарбук.

уяўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе не ў сапраўднасці, а ва ўяўленні. Уяўная небяспека. ▪ [Рахункавод] здзьмухнуў са стала ўяўны пыл. Пянкрат. Паслужыўшы арганістам, ён [бацька] нагледзеўся на жыццё ксяндзоў, на іх уяўную святасць і стаў перакананым атэістам. Мядзёлка. І ні разу.. [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.

2. Які толькі ўяўляецца; тэарэтычна мажлівы, патэнцыяльны. Уяўная лінія. ▪ Для Вабейкі ж уяўны прыезд брата быў важны козыр, каб вытлумачыць, каму трэба, чаму ён надумаў будаваць дом у Лашычах. Хадкевіч.

•••

Уяўны лік гл. лік.