Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ёмка 1,

1. Прысл. да ёмкі.

2. безас. у знач. вык. Разм. Добра, зручна. Сядзець [Віктару], відаць, было не вельмі ёмка, і ён раз-пораз варочаўся, намагаўся вылезці з кажуха. Шамякін.

ёмка 2, ‑і, ДМ ёмцы; Р мн. ‑мак; ж.

Абл. Чапяла. Дзядзіна.. пякла аладкі, нервуючыся, бразгала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй. Галавач.

ёмкасць, ‑і, ж.

1. Тое, што і ёмістасць (у 1 знач.).

2. Уласцівасць ёмкага (у 1, 2 знач.).

ёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. ▪ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.

2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. ▪ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.

3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.

4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.

ёмістасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць змясціць у сабе пэўную колькасць чаго‑н.; унутраны аб’ём. Ёмістасць рэзервуара. Ёмістасць транспартных сродкаў. ▪ Набралі мы посуд сярэдняй ёмістасці і пайшлі. Дубоўка.

2. перан. Якасць ёмістага (у 2 знач.). Ёмістасць параўнанняў.

3. Спец. Пасудзіна для захоўвання чаго‑н. Напоўніць ёмістасці газам.

ёмісты, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны змясціць у сабе вялікую колькасць каго‑, чаго‑н. Ёмісты рэчавы мяшок. Ёмістая сталовая. ▪ Ёмістая пашча [экскаватара] .. ўзнімала і абвальвала на грузавік ледзь не цэлую тону жоўтага пяску. Паслядовіч. Двор поўніўся людскіх гоманам; рыпелі колы ёмістых драбін, бразгала жалеза. Хадкевіч.

2. перан. З багатым зместам, з вялікім унутраным сэнсам. Ёмісты вобраз. Ёмісты выраз. ▪ Але ў Купалы разам з песеннасцю прысутнічаў, як вядома, і надзвычай выразная мова вобразнай сімволікі, сімволікі ёмістай, па-філасофску значнай і народна-каларытнай. Перкін.

ён, яго, яму, ім, аб ім; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. м.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка мужчынскага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. Сцяпан Варанец падышоў да параненага і, разадраўшы на ім кашулю, пачаў перавязваць. Крапіва.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежнага займенніка; ягоны. Яго дзеці. Яго работа. ▪ Крыніцы неадольнай магутнасці савецкага народа і яго арміі, якія разграмілі мацнейшага ворага, закладзены ў самой прыродзе сацыялістычнага ладу. «Звязда». Яго гнуткае цела згіналася і разгіналася, як сталёвая спружына. Мурашка.

3. У спалучэнні з «вось» ужываецца ў знач. узмацняльнай або ўказальнай часціцы. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка. З. Астапенка.

•••

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго ведае гл. бог.

Вось я яго (іх, ім) гл. я.

Хто яго ведае гл. хто.

ёр, ‑а, м.

Даўнейшая назва літары «ъ» (цвёрды знак).

ёрзанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ёрзаць.

ёрзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і ёрзаць. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Там, дзе вісеў кажух, у запечку за перагародкай нехта біў цвёрдымі нагамі аб падлогу і ёрзаўся. Пташнікаў.

ёрзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Неспакойна сядзець, круцячыся, соўгаючыся з месца на месца. Гольдзін выціраў пот, ёрзаў, занатоўваў нешта ў блакнот і раптам перапыняў таго, хто выступаў. Шамякін. Рэгістратару не цярпіцца, ёрзае па крэсле туды і сюды. Бядуля.