Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

ягадзіца, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (ягадзіцы, ‑дзіц). Задняя мясістая частка тулава чалавека, на якую садзяцца; сядалішча.

2. Палавіна гэтай часткі тулава ў форме паўшар’я.

ягадзічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ягадзіцы. Ягадзічныя мышцы.

ягадка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Памянш.-ласк. да ягада. Гэта толькі кветачкі, а ягадкі яшчэ будуць. Прыказка.

2. (звычайна ў зваротку). Разм. Ласкавая назва каго‑н. (часцей жанчыны). — Паплач, ягадка, і табе лягчэй стане... Сэрца адпусціцца. Бядуля.

•••

Аднаго поля ягадкі — тое, што і аднаго поля ягады (гл. ягада).

ягадны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ягады, уласцівы ягадам. Ягадная костачка. Ягадны пах. // Які дае, прыносіць ягады. Ягадныя расліны. // Багаты на ягады. Ягадны год. Ягаднае месца ў лесе. // Прыгатаваны з ягад, з ягадамі. Ягаднае варэнне. Ягадны кісель.

ягаднік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Месца, дзе растуць ягады, разводзяцца ягадныя расліны. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі. Мележ.

2. ‑у, зб. Ягадныя кусты, ягадныя расліны. На ягадніку, які густа накрываў тут зямлю, дзе-нідзе чырванелі брусніцы. Сіняўскі. Падымаецца пад нагамі прытаптаны ягаднік. Пташнікаў.

3. ‑а. Разм. Той, хто збірае або любіць збіраць ягады. Цэлымі днямі ўлетку або пад восень у пералеску чуліся галасы ягаднікаў і грыбнікоў. Лупсякоў.

ягаднікавы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца ягаднікам (у 2 знач.). Ягаднікавы куст. // Які складаецца з ягаднікаў.

ягадніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да ягаднік (у 3 знач.).

ягамосць, ‑і, ж. і ‑я, м.

Уст.

1. Форма звароту да каго‑н.; пан, васпан. — Дарогу ж мы знаем Да вас, ягамосці, Да вас будзем ездзіць Мы часта ў госці. Русак.

2. Разм. Пра незнаёмага мужчыну. Неўзабаве Руневіч заўважыў у натоўпе белую варону — дзіўнага ягамосця ў цывільнай нетутэйшай вопратцы. Брыль.

ягдташ, ‑а, м.

Паляўнічая сумка для дзічыны. А ў апошні раз [Даніла Сямёнавіч] ягдташ качак прынёс. Аношкін.

[Ням. Jagdtasche.]

ягель, ‑ю, м.

Кусцісты шэры лішайнік, які служыць асноўным кормам для паўночных аленяў зімой; аленевы мох. Адкопваюць [алені] з-пад снегу капытамі мох-ягель і ядуць яго. Бяганская.

[Саамск. jiegel.]