Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

эвакуіравацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) эвакуіраваным. Урача няма з першага дня акупацыі. Кажуць, яна эвакуіравалася. Шамякін. Калі пачалася вайна, ён [Астравухаў] разам з маці эвакуіраваўся з Беларусі на ўсход. Данілевіч.

2. толькі незак. Зал. да эвакуіраваць.

эвакуіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Правесці (праводзіць) арганізаваны вываз каго‑, чаго‑н. з небяспечнай мясцовасці. [Жонка Казанцава] эвакуіравала маёмасць бальніцы, дзе працавала ўрачом. Васілевіч. [Андрэй:] — Сям’ю эвакуіраваў на Урал, а сам, бачыш, не паспеў. Няхай.

эвалюцыйны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з эвалюцыяй, з’яўляецца эвалюцыяй. Эвалюцыйнае развіццё. // Які вывучае, даследуе эвалюцыю чаго‑н. Эвалюцыйная фізіялогія. Эвалюцыйная геалогія.

эвалюцыя, ‑і, ж.

1. Развіццё, працэс павольнага, паступовага змянення ў прыродзе і грамадстве ў адрозненне ад рэвалюцыі. Эвалюцыя відаў расліннага і жывёльнага свету. Эвалюцыя галактык. // Наогул працэс змянення каго‑, чаго‑н. ад аднаго стану да другога. Эвалюцыя мастацтва. Эвалюцыя светапогляду. ▪ Літаратура XIX стагоддзя дае нам досыць багаты матэрыял, каб гаварыць аб пэўнай эвалюцыі поглядаў на ролю і прызначэнне чалавека ў жыцці. Навуменка. Цікавая эвалюцыя адбылася ў творчасці Я. Мініна. Ён паступова пераадолеў уласцівую асобным раннім працам інтымнасць, камернасць і звярнуўся да грамадска важных, актуальных тэм. Шматаў.

2. У філасофіі — форма развіцця, якая складаецца з паступовых колькасных змен, што падрыхтоўваюць якасныя змены.

3. толькі мн. (эвалюцыі, ‑ый). Спец. Перамяшчэнні караблёў або войска, звязаныя з перагрупоўкай, змяненнем строю; манеўры. Тактычныя эвалюцыі арміі. // звычайна мн. (эвалюцыі, ‑ый). Пэўны страявы прыём руху, манеўр, які ажыццяўляецца якой‑н. ваеннай адзінкай.

[Лац. evolutio — разгортванне.]

эвалюцыянізм, ‑у, м.

1. Вучэнне, паводле якога ўсё існуючае знаходзіцца ў працэсе пастаяннага развіцця, у стане эвалюцыі (у 1 знач.).

2. Напрамак у буржуазнай філасофіі і навуцы, які адмаўляе скачкападобныя, рэвалюцыйныя змены ў працэсе развіцця прыроды і грамадства.

эвалюцыяніраванне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. эвалюцыяніраваць.

эвалюцыяніраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Кніжн. Развіцца (развівацца) эвалюцыйным шляхам, быць пад уздзеяннем эвалюцыі (у 1, 2 знач.). Неабходна мець на ўвазе, што стыль Зм. Бядулі эвалюцыяніраваў у адпаведнасці з ростам светапогляду пісьменніка. Адамовіч.

эвалюцыяніст, ‑а, М ‑сце, м.

Кніжн. Прыхільнік эвалюцыянізму.

эвалюцыяністычны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да эвалюцыянізму, эвалюцыяніста, уласцівы ім. Эвалюцыяністычныя погляды. Эвалюцыяністычныя ідэі.

эвен,

гл. эвены.