Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шаблепадобны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму шаблі, сагнуты, як шабля. Шаблепадобныя іклы.

шаблон, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. ▪ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў. Харкевіч. // Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. ▪ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран. «Маладосць».

2. ‑у; перан. Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце. Сіўцоў. Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў. Бугаёў.

3. ‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.

[Ням. Schablone.]

шаблоннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць шаблоннага (у 2 знач.). Нягледзячы на шаблоннасць пытанняў, абвінавачаныя і тут знаходзяць магчымасць выказаць свой пратэст. Машара.

шаблонны, ‑ая, ‑ае.

1. Які зроблены па шаблону, адпавядае шаблону (у 1 знач.). Шаблонныя вырабы. Шаблонная фармоўка.

2. перан. Які прытрымліваецца шаблону (у 2 знач.); збіты, банальны. Шаблонныя фразы. ▪ [Маркс і Энгельс] надавалі найвялікшае значэнне рэвалюцыйнай творчасці мае, выступалі супраць шаблоннага падыходу да праблем сацыялістычнай рэвалюцыі. «Звязда». Я зразумеў, што гэта дзяўчынка больш дарослая, чым яе аднагодкі, і ёй нельга сказаць тыя шаблонныя пустыя словы, якія звычайна кажуць дзецям пры такім знаёмстве. Шамякін.

шабля, ‑і; Р мн. ‑бель; ж.

Халодная зброя з выгнутым клінком і адным лязом, якой сякуць і колюць (прымяняецца кавалерыяй). А ў вачах байцоў яшчэ цямнее злосць, І шаблі вострыя не ўкладзены ў ножны. Панчанка. Многа дзён ваявалі мы ў тыле фашыстаў, лёталі ад сяла да сяла, секлі шаблямі ворагаў, узрывалі масты, палілі склады. Хомчанка. // У значэнні адзінкі лічэння: баец-кавалерыст. Інсургенты атрадам у пяцьдзесят шабель і дзвесце штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Караткевіч.

•••

Турэцкая шабля — шабля з моцна выгнутым серпападобным лязом.

шаблязубы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: шаблязубы тыгр — выкапнёвая жывёліна сямейства кашэчых з вялікімі шаблепадобнымі верхнімі ікламі.

шаблярогі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: шаблярогая антылопа — парнакапытная жывёліна сямейства пустарогіх, якая мае шаблепадобныя рогі.

шаблі, нескл., н.

Сорт белага вінаграднага віна.

[Ад геагр. назвы.]

шабліст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца фехтаваннем на шаблях. Каманда шаблістаў.

шабот, ‑а, М ‑боце, м.

Чыгунная аснова кавадла механічнага молата.

[Фр. chabotte.]