Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

чадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Куродымець, курэць, вылучаць пры гарэнні чад (у 2 знач.). Чадзіў ліхтар «лятучая мыш», было душна, смярдзела прэлымі анучамі. Шамякін. Лямпы чадзілі, і шкло на абедзвюх было закуранае. Арабей.

2. Напускаць чаду куды‑н., дыміць чым‑н. [Васіль] дастаў цыгарэту, але не стаў чадзіць у вагоне. Гроднеў.

чадна,

1. Прысл. да чадны.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць чаду дзе‑н. У хаце ад пячуркі цяплынь і крыху чадна. Галавач.

чадны, ‑ая, ‑ае.

1. Насычаны, напоўнены чадам. Аднойчы, седзячы ў бруднай і чаднай карчомцы, якую наведвалі толькі «свае», цэдзячы праз зубы густое і горкае пітво, Юткевіч угледзеў новага наведвальніка. Мікуліч. І хоць заходзіў Дзіма да маткі на якую часіну, але заўсёды выходзіў адтуль [з тытунёвай фабрыкі] з перасохлым горлам і цяжкімі грудзьмі, нібы з чаднай лазні. Якімовіч.

2. Які чадзіць, куродыміць. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах хаты, перакінуліся на страху. Лынькоў. // Уласцівы чаду. І далятае пах смаляны І чадны гар да нас сюды. Звонак. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.

3. перан. Які дурманіць, затуманьвае свядомасць. Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы.. [Павел] выйшаў за вёску. Грахоўскі.

•••

Чадны газ гл. газ.

чадра, ‑ы, ж.

Лёгкае пакрывала, якім, выходзячы з хаты, захутваюцца жанчыны-мусульманкі з галавы да ног. Мусульманка скінула чадру і адкрыла свой твар. «Маладосць». Юныя танцоўшчыцы-арабкі скінулі ў нашу чэсць чадру. Панчанка.

[Цюрк.]

чае... (а таксама чая...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «чай» (у 1, 2 знач.), напрыклад: чаеапрацоўка, чаеразважачны.

чаеапрацоўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Апрацоўка чаю (у 1 знач.).

чай, ‑ю, м.

1. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты вечназялёнага чайнага дрэва, на якіх настойваюць духмяны напітак. Пачак чаю. ▪ Абсалям Чыка тлумачыць нам, як трэба гатаваць чай па-мараканску. У медны чайнік засыпаецца зялёны чай і кладзецца столькі цукру, колькі можа змясціцца ў чайніку. В. Вольскі. // Вечназялёная расліна, дрэва або куст, сямейства чайных, з лісця якой атрымліваюць духмяны напітак. Куст чаю.

2. Гарачы напітак, настоены на лісці гэтай расліны. Напіўшыся чаю, дзед сказаў: — А ты, сынку, што, вячэраць не будзеш? Якімовіч. Змітрок узяў шклянку і наліў з чайніка трохі чаю. Ваданосаў. // Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які замяняе такі напітак. Знялі чайнік з агню і пачалі піць духмяны, завараны на .. ліпавым цвеце чай. Капыловіч.

3. Працэс піцця такога напітку. Пасля чаю мама пачала прасіць дзядулю расказаць нам аб яго мінулым жыцці. Бяганская.

•••

Зялёны чай — разнавіднасць чаю, які дае зеленавата-жоўты настой з моцным пахам і гаркавата-вяжучым смакам.

Адправіцца да святых на чай (чай піць) гл. адправіцца.

На чай — як узнагароду за дробныя паслугі (даць, атрымаць і пад.); чаявыя.

чайка 1, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер’ем. Над гэтым цёмна-блакітным морам усё — і яснае сонца, і белыя чайкі, і зялёныя кедры — усё такое прыгожае, што ўсяго, здаецца, узяў бы патрошку дахаты — на светлы ўспамін. Брыль. Белакрылыя чайкі лятаюць над Нараччу, то прыпадаючы да сіняй паверхні вады, то зноў узнімаючыся ўвысь. В. Вольскі.

•••

Як чайка (сойка) за мора — куды‑н. далёка (зайсці, пайсці, збірацца).

чайка 2, ‑і, ДМ чайцы; Р мн. чаек; ж.

1. Пласкадонная лодка. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзь Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. Завуць любоўна лодку чайкай Сёл панямонскіх рыбакі. Лойка.

2. Старажытны парусны човен з вёсламі і прымацаванымі ўздоўж надводнага борта пучкамі чароту, які служыў для павелічэння плывучасці і абароны ад стрэлаў праціўніка.

чайкавыя, ‑ых.

Сямейства вадаплаўных птушак, да якога адносяцца чайкі.

чайная, ‑ой, ж.

1. Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці. Шафёр спыніў машыну каля чайной. Тут можна было выпіць шклянку чаю, перакусіць. Ермаловіч. Яўген вылез з аўтобуса, забег у чайную, выпіў шклянку гарбаты і весела паджгаў у вёску. С. Александровіч.

2. Уст. Пакой, у якім п’юць чай. Талерка стаіць на століку ў чайной (так завецца маленькі пакой, дзе гатуюць чай). Васілевіч.