Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

омнібус, ‑а, м.

Даўнейшы шматмесны конны экіпаж для перавозкі пасажыраў.

[Ад лац. omnibus — усім, для ўсіх.]

омнібусны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да омнібуса.

омуль, ‑я; Р мн. ‑яў; м.

Марская рыба сямейства ласосяў (водзіцца таксама ў возеры Байкал), якая па нераст выплывае ў рэкі.

онікс, ‑у, м.

Мінерал, разнавіднасць агату, у якім чаргуюцца слаі чорнай і белай афарбоўкі.

[Грэч. onyx — кіпцюр, ногаць.]

оніксавы, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да оніксу; зроблены з онінсу. Оніксавы бакал.

опера, ‑ы, ж.

1. Музычна-драматычны твор, у якім выканаўцы спяваюць у суправаджэнні аркестра. Оперы С. Манюшкі. Оперы П. І. Чайкоўскага. Оперы Ю. Семянякі. // Такі твор, пастаўлены на сцэне. Скончыўся другі акт оперы, абвясцілі перапынак. Шамякін.

2. Тэатр, дзе выконваюць такія творы. Пайсці ў оперу. ▪ У канцы.. інфармацыі паведамлялася, што сёння ў тэатры Оперы ў гонар гасцей адбудзецца ўрачысты канцэрт. Самуйлёнак. // Оперная трупа. Міланская опера.

•••

З другой (не з той) оперы (жарт. або іран.) — аб тым, што не мае дачынення да справы або размовы.

[Іт. opera.]

опера-буф, оперы-буф, ж.

Опера з камедыйным або сатырычным сюжэтам.

оперны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да оперы (у 1 знач.). Оперная музыка. Оперны спявак.

оперупаўнаважаны, ‑ага, м.

Асоба, якой дадзены паўнамоцтвы для выканання якіх‑н. аперацый спецыяльнага характару. Пасля шасцімесячнай вучобы Саша стаў працаваць оперупаўнаважаным у Ашмянах. Новікаў.

оптам, прысл.

1. Вялікай колькасцю (пра куплю і продаж тавараў). [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.

2. перан. Разм. Поўнасцю, адразу. Нельга таксама ацэньваць творы оптам, абоймамі, калі да адных прад’яўляюцца сапраўдныя крытэрыі, а другім свядома робіцца скідка на важнасць тэмы. Шкраба.