Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

абавязаны, ‑ая, ‑ае.

1. Часцей у знач. вык. з інф. Які мае што‑н. сваім абавязкам, павінен што‑н. выканаць. Успомніў [Піліпчык] самы суровы загад дзядзькі Астапа: усё, што знойдзе ён у лесе ці дзе на полі, абавязаны адразу ж яму паказаць. Лынькоў.

2. каму-чаму. Які знаходзіцца ў даўгу перад кім‑н. Я з маленства табе абавязаны Сэрцам чыстым і светлай душой. Астрэйка.

абавязацельства, ‑а, н.

1. Абяцанне або дагавор, якія патрабуюць абавязковага выканання ад таго, хто іх дае. Узяць на сябе абавязацельства. Абавязацельствы перад дзяржавай. Сацыялістычныя абавязацельствы. ▪ Частка нашых кадраў усё яшчэ не разумее простай ісціны, што любыя ўскладненні ні ў якім выпадку не знімаюць адказнасці за выкананне планаў і абавязацельстваў. Машэраў.

2. Грашовы пазыковы дакумент. Пазыковае абавязацельства.

абавязацца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; заг. абавяжыся; зак.

Узяць на сябе абавязацельства. Асобныя калгасы пры значным расшырэнні пасеваў ільну абавязаліся дасягнуць яшчэ вышэйшых ураджаяў. «Звязда».

абавязаць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; заг. абавяжы; зак., каго.

Патрабаваць ад каго‑н. што‑н. выканаць; ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі. [Страмілін:] Я прапаную абавязаць галоўнага інжынера прыняць усе захады, каб канструкцыя была палепшана як мага хутчэй! Крапіва.

абавязвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абавязацца.

2. Зал. да абавязваць.

абавязваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абавязаць.

абавязкова, прысл.

Безумоўна, немінуча, няўхільна. Людзі кажуць: калі поле крадзе, то абавязкова бачыць лес. Непачаловіч.

абавязковасць, ‑і, ж.

Уласцівасць абавязковага. Абавязковасць працы для ўсіх працаздольных членаў грамадства.

абавязковы, ‑ая, ‑ае.

1. Які безумоўна трэба выконваць. Абавязковая ўмова. Абавязковая пастанова. // Які патрабуецца ў заканадаўчым парадку. Усеагульнае абавязковае навучанне.

2. Які заўсёды павінен быць, заўсёды прысутнічае. Абавязковы экземпляр. ▪ У п’есах Марцінкевіча важная роля адводзіцца куплету, які раней быў абавязковай прыналежнасцю вадэвіля. Ярош.

абагавіць, ‑гаўлю, ‑гавіш, ‑гавіць; ‑гавіце; зак., каго-што.

Тое, што і абогатварыць.