Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

шабашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм.

1. Канчаць работу; рабіць перапынак у рабоце. [Кізіла:] — Гэта ж маглі б пачынаць раскатку... І ў сераду б — шабашылі! Савіцкі.

2. Зневаж. Зарабляць грошы, выконваючы якую‑н. выгадную работу, акрамя асноўнай. [Цырлюкевіч:] — У мяне ж і дзед, і бацька... — Шабашылі? — перапыніў Аркадзь Апанасавіч. — Без нас не абыходзіліся. Кавалёў.

шабельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шабельныя ножны. ▪ І дзеля яго [будаўніка] тут сабраліся тыя, Што некалі ў гэткім узросце, як ён, Ляцелі з Будзённым на схілы крутыя, На пікі густыя, пад шабельны звон. Гілевіч. // Узброены шабляй (шаблямі). Нехта знаёмы, знаёмы здалёк ідзе: Ці дожджыку кропля над заваддзю сіняй, Ці звонкае вяселле на высокім покуце... Ці шабельная ў мыльнай пене конніца. Куляшоў.

шабельнік 1, ‑а, м.

Гіст. Спецыяліст па вырабу шабляў. Іван Анісімаў з Глыбокага, Рыгор Стасюкоў з Полацка і іншыя шабельнікі ездзілі ў Астрахань вучыцца рабіць булатныя клінкі. «Звязда». Некалькі сот гараджан прыйшло да ратушы. Былі тут шабельнікі, краўцы, фурманы. Шынклер.

шабельнік 2, ‑а, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства ружакветных, якая расце на вільготных месцах. Ногі блыталіся ў высокай траве. Асака, дзікая канюшына, шабельнік... Аляхновіч.

шабер, ‑а, м.

Спец. Рэжучы інструмент, які служыць для прыгонкі паверхняў металічных вырабаў, для выраўноўвання, ачысткі паверхні металу і для выскрабання рысункаў у літаграфскай і гравіравальнай справе. У руках жа ў Зябко сілы ставала: падхопіць, здаралася, рашпіль ці шабер — кіпіць работа. Мыслівец.

[Ням. Schaber.]

шабета, ‑ы, ДМ ‑беце, ж.

Абл. Сумка, якая носіцца на поясе. З палка, прыбітага пад столлю, Цімох дастае раменную шабету, туга напакаваную ўсялякімі паперамі. Навуменка.

шабланізаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шабланізаваць.

шабланізавацца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) шаблонным (у 2 знач.).

2. толькі незак. Зал. да шабланізаваць.

шабланізаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) шаблонным (у 2 знач.).

шабланізацыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шабланізаваць.

шаблевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шаблі. Шаблевы ўдар.