Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цадзільны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для працэджвання. Цадзільны апарат. Цадзільная ўстаноўка.

цадзі́цца, цэ́дзіцца; незак.

1. Павольна цячы праз вузкую адтуліну. Не льецца, а цэдзіцца. ▪ Густое, заспанае цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Барадулін. / Пра дробны невялікі дождж. З чорнага неба цадзіўся нудны дожджык. Мележ.

2. перан. Прасочвацца, паволі пранікаць праз шчыліны, адтуліны (пра святло, паветра, гукі). З тысячы шчылін цадзілася сонца. Лобан. Ад балотца з чорнымі азярынкамі скрозь хмызняк цадзіўся туман, месцамі перапаўзаў цераз дарогу. Хомчанка. З рэпрадуктара цадзілася тужлівая музыка. Капыловіч.

3. Зал. да цадзіць.

цадзі́ць, цаджу́, цэ́дзіш, цэ́дзіць; незак.

1. што. Прапускаць (малако, вадкасць) праз цадзілку, сіта або друшляк для ачысткі. Цадзіць кісель. ▪ Падаіўшы карову, маці будзе цадзіць малако на лаўцы пры печы, і яно будзе цёпла і густа шумець у конаўцы. Адамчык.

2. што. Ліць павольна з вузкай адтуліны, гарлавіны. [Чалавек] цадзіў праз кран з бочкі квас. Чорны. Невядома было таксама, адкуль тут [на рынку] паявіліся падобныя на цыганоў гандляры віном, якія цадзілі яго ў шклянкі з бочак. Грамовіч. / у перан. ужыв. Нізка навіслыя хмары цадзілі на галовы дробную імжу. Хадкевіч. Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прам[ян]і. Дуброўскі. // Павольна піць, цягнучы праз зубы. Вада была цёплая, злецілася ў хаце, і .. [Андрэй] цадзіў яе праз зубы. Пташнікаў. Бабы ў смутку ківаюць галовамі, бяруцца за чаркі, цэдзяць доўга, па кроплі. Ракітны.

3. Ісці (пра дробны невялікі дождж). Пад поўнач пачаў цадзіць дождж. Мележ. — Зноў цэдзіць. Ніводнага вечара без яго [дажджу] не абыдзецца. Адна надзея на вецер — можа, разгоніць хмары, — сказаў Антон. Савіцкі.

4. перан.; што і без дап. Разм. Гаварыць паволі, марудна; вымаўляць праз зубы. Вінцэнты сядзеў на парозе, пастукваў па падлозе кійком сваім, цадзіў па слову гаворку — чакаў, калі Бушмар скончыць снедаць. Чорны. — Ты ж сам і калаціўся больш за ўсіх, — іранічна цэдзіць Грамабой. Крапіва.

цакатанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цакатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Глуха праз драўляныя простыя дзверы, што вядуць у прыемную, данеслася цакатанне пішучай машынкі. Пестрак.

цакатаць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Утвараць рэзкія кароткія гукі, падобныя на дробны стук, траскатню. Дзень і ноч цакатаў.. [завод] сваімі станкамі. Корбан. Цакаталі ляскоткі, дробна і гулка выбухалі бубны. Караткевіч.

цалавальны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: цалавальны запіс (гіст.) — запіс аб прыняцці прысягі, якая суправаджалася цалаваннем крыжа.

цалавальнік, ‑а, м.

Гіст. Выбарная асоба ў Расіі ў канцы 15–18 ст., абавязкамі якой былі збор пошлін і падаткаў, выкананне судовых і паліцэйскіх функцый.

цалаванне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цалаваць і цалавацца.

2. Гіст. Прысяга, клятва, у час прыняцця якой цалавалі крыж.

цалаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад цалаваць.

цалавацца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; незак.

Цалаваць адзін аднаго. Пракоп абняў Лапка, і сталі яны цалавацца. Колас. [Бацька] ўсіх абнімаў, цалаваўся з усімі рабочымі. Лынькоў. / у перан. ужыв. Плыла, цалавалася хмарка з зямлёй. Куляшоў.