Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

фабзавуч, ‑а, м.

Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры прадпрыемстве, якая рыхтуе рабочых масавых прафесій. [Ігнат Ладуцька] працаваў на вялікім станкабудаўнічым заводзе, дзе раней скончыў фабзавуч. Лынькоў.

фабзавучнік, ‑а, м.

Разм. Вучань школы фабрычна-заводскага вучнёўства.

фабзаўком, ‑а, м.

Выбарны орган пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі фабрыкі ці завода; фабрычна-заводскі камітэт.

фабзаўкомавец, ‑маўца, м.

Разм. Член, работнік фабзаўкома.

фабзаўкомаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фабзаўкома.

фабком, ‑а, м.

Выбарны орган пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі фабрыкі; фабрычны камітэт. Фабком выдзеліў грошы для набыцця музычных інструментаў. «Маладосць».

фабкомаўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фабкома.

фабліо, нескл., н.

Народны жанр сярэдневяковай французскай літаратуры: невялікае вершаванае або празаічнае апавяданне, пераважна гумарыстычнага або бытавога характару.

[Фр. fabliau ад лац. fabula.]

фабра, ‑ы, ж.

Уст. Фарба для чарнення валасоў, вусоў і барады.

[Ад ням. Farbe.]

фабрыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. ▪ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.

2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. ▪ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.

[Ад лац. fabrica — майстэрня.]