Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

саамскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да саамаў, які належыць, уласцівы, ім. Саамская мова. Саамскі быт, Саамскія песні.

саамы, ‑аў; адз. саам, ‑а, м.; саамка, ‑і, ДМ ‑ыцы; мн. саамкі, ‑мак; ж.

Народнасць, якая насяляе Кольскі паўвостраў, а таксама поўнач Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі.

сааўтар, ‑а, м.

Асоба, якая сумесна з кім‑н. з’яўляецца аўтарам літаратурнага, мастацкага, навуковага твора, адкрыцця ці вынаходства. Сааўтар сцэнарыя. Сааўтар праекта помніка. Сааўтар манаграфіі.

сааўтарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сааўтара, сааўтарства. Сааўтарскі ганарар.

сааўтарства, ‑а, н.

Сумеснае аўтарства. Ды неўзабаве, менш як праз два гады, Алесь адчуў асалоду творчасці зусім самастойнай, без усякага сааўтарства, без зайздрасці нават да Толі. Брыль.

сабадыла, ‑ы, ж.

Расліна сямейства лілейных, настойка і адвар насення якой выкарыстоўваюцца супраць паразітаў жывёл і чалавека.

сабадылавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сабадылы. Сабадылавая мазь.

сабака, ‑і, м.

1. Свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад. Службовы сабака. Пакаёвы сабака. Паляўнічы сабака. Язда на сабаках. ▪ Пустата і зацятасць зімняй цішыні прыдавала афарбоўку нейкай асаблівай распачлівасці заложнаму гаўканню кімся патрывожанага сабакі. Колас. На дварэ пільнуюць панскі супакой злосныя сабакі-ваўкадавы. Бядуля. Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка. Дурны сабака і на гаспадара брэша. Прыказка.

2. Самец сукі.

3. перан. Разм. лаянк. Пра нягодніка, злоснага, шкоднага чалавека. — Трэба падавацца ў вёску, — параіў Сталярэвіч, — там вас [Ганну] Ніхто не ведае, а тут можа кожны сабака ўкусіць.... Гурскі. [Лясніцкі] падумаў: «Здраднік. Іш, выгнуўся, сабака». Шамякін. // Груб. Пра чалавека, які не трымае слова, лаецца. Обер — аб’ездчыкам лічыўся, Брахун не горшы ад сабакі. Колас. Ці сабака гаў, ці ён сказаў — то ўсё роўна. Прыказка. / Ужываецца пры выказванні адабрэння, захаплення чыёй‑н. здатнасцю да якой‑н. справы. Добра спявае, сабака.

4. Драпежнае млекакормячае сямейства сабачых. Янотападобны сабака. / у знач. наз. сабакі, ‑бак. Тое, што і сабачыя (у 4 знач.)

•••

Сабака-сышчык — паляўнічы або службовы сабака, прывучаны да пошуку дзічыны або чалавека па следу.

Вешаць (чапляць) сабак на каго гл. вешаць.

Вось (вот, во) дзе сабака закапаны — вось у чым сутнасць справы, прычына чаго‑н. Ды ты, як бачу, не толькі закаханая ў Тарашкевіча, але і ў яго жонку, — засмяяўся Максім. — Во дзе сабака закапаны! Машара.

(Жыць) як кот з сабакам гл. кот.

З сабакамі не знойдзеш — тое, што і (днём) з агнём не знойдзеш; са свечкай не знойдзеш (гл. знайсці).

Ні адзін сабака не гаўкне — ніхто нічога не скажа.

Па сабаку з рота скача гл. скакаць.

Сабакам сена касіць гл. касіць 1.

Сабак ганяць гл. ганяць.

Сабаку з’есці ў чым, на чым гл. з’есці.

Сабаку пад хвост (груб.) гл. хвост.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага гл. трэба.

У сабакі вачэй пазычыць (пазычыўшы) гл. пазычыць.

Як пабіты сабака — пра чалавека, які ў выніку свайго ўчынку няёмка сябе адчувае.

Як сабак — вельмі многа, поўна. Паабапал усёй дарогі было поўна іх [жандараў і салдат], як сабак. Лынькоў.

(Як) сабака на сене — пра чалавека, які сам не карыстаецца чым‑н. і другім не дае.

сабака...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову сабака (у 1 знач.). напрыклад: сабакагадоўля, сабакападобны.

сабакавод, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па сабакаводству.