Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

рабалепны, ‑ая, ‑ае.

Якому ўласціва рабалепнасць. Рабалепнае пакланенне. Рабалепны чалавек.

рабалепства, ‑а, н.

Рабскае нізкапаклонства. [Загорскі] пагарджаў суседзямі.. Пагарджае .. рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Караткевіч.

рабалепстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Весці сябе рабалепна, па-рабску перад кім‑н. Калі Мікіта Лазун ненавідзіць беднату, то ў адносінах да багатых ён гатовы рабалепстваваць, уніжацца. Хромчанка.

рабатка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Вузкая градка кветак уздоўж паркавых дарожак, навокал клумб і інш.

[Ням. Rabatte.]

рабацець, ‑ціць; незак.

Пакрывацца рабізной, невялікімі хвалямі. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Вылучацца, мільгацець рознымі колерамі; быць рабым ад чаго‑н. Акно-шыбіна густа рабаціць дробнымі кроплямі дажджу. Сачанка. / у безас. ужыв. Ад .. сукенак, абвешаных рознакаляровымі стужкамі, ажно рабацела ўваччу. Броўка.

рабацяга, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Старанны, шчыры праціўнік. Партрэты, артыкулы, нарысы аб ім, магчыма, іншы раз і вочы мулялі чытачу — такім папулярным быў Дабрынін, і радавала тое, што ён не фанабэрыўся, а заставаўся цягавітым рабацягам. Сіўцоў. — А што там геройскага? — запратэставала маці. — Просты рабацяга. Такія ж мазалі на руках, як ва ўсіх нас... Мыслівец. / у перан. ужыв. У сяле Верхняя Алба на плоце адной непрыкметнай хаты заўсёды вісела на калу вядро або звычайны рабацяга гліняны гаршчок. Васілевіч.

рабацяшчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Шчыры ў рабоце; працавіты. Дзядзька наш — пажылы, рабацяшчы, часамі нават вясёлы мужчынка. Брыль.

рабацінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Вяснушка. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацінкамі на пераноссі. Быкаў.

рабацінне, ‑я, н.

1. зб. Разм. Вяснушкі. — А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў .. [Яўхім] весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабаціннем. Мележ. // Ямкі, шчарбіны на скуры пасля воспы. Грубаваты, пабіты рабаціннем твар [Рогача], асветлены натхненнем, цяпер прыгожы. Савіцкі. // Аб рабой афарбоўцы чаго‑н. На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Петрык] шпарка камячыў у нецярплівых руках стужку [тэлеграмы], быццам злізваючы з яе рабацінне літар. Шынклер.

2. Рабізна на паверхні вады. Вада нібы ўскіпвала і яе чыстая, як люстра, паверхня пакрывалася частым-частым рабаціннем. Лынькоў. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Шыцік.

рабаціністы, ‑ая, ‑ае.

З рабаціннем. Жонка Міхея, Лізавета, высокая і сухаватая, з дробнымі рысамі твару, кірпатая і рабаціністая, несла ўжо на стол буракі, і яны смачна пахлі мясам, перцам, кменам. Ермаловіч. На гэты брэх з дзвярэй зашклёнай веранды высунуўся рабаціністы тварык дзяўчынкі гадкоў на шэсць. Васілёнак.