Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

мабілізаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Правесці (праводзіць) мабілізацыю (у 1, 2 знач.). Бязвусым юнаком быў Антось Галамака, калі ў шаснаццатым годзе мабілізавалі яго ў царскую армію. Чарнышэвіч. Калі пачалася вайна, бацьку і Грышу мабілізавалі адразу, а Юрка астаўся ў акупацыі. Навуменка.

2. перан. Прывесці (прыводзіць) у актыўны стан для дасягнення якой‑н. мэты, выканання якога‑н. задання. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і .. мабілізаваў свой спакой і вытрымку. Шамякін.

[Ад фр. mobiliser.]

мабілізацыйны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мабілізацыі (у 1, 2 знач.). Мабілізацыйная гатоўнасць. Мабілізацыйны план. Мабілізацыйнае прадпісанне.

мабілізацыя, ‑і, ж.

1. Прызыў ваеннаабавязаных запасу на абавязковую ваенную службу ў сувязі з аб’яўленнем вайны. У чатырнаццатым годзе Вінцук Адамавіч трапіў на фронт па першай мабілізацыі. Машара. // Прыцягненне, прызыў каго‑н. для выканання важнага масавага мерапрыемства. Мабілізацыя насельніцтва на барацьбу з паводкай.

2. Перавод узброеных сіл краіны з мірнага становішча ў стан гатоўнасці да вайны. Мабілізацыя арміі. // Перавод усіх галін народнай гаспадаркі на ваеннае становішча. Мабілізацыя прамысловасці.

3. перан. Давядзенне чаго‑н. да стану актыўнай гатоўнасці выканаць якое‑н. заданне. Мабілізацыя сіл. Мабілізацыя ўвагі.

[Фр. mobilisation ад лац. mobilis — рухомы.]

маг, ‑а, м.

1. Той, хто нібыта валодае танцамі магіі; чарадзей, чараўнік. // перан. Пра чалавека, які робіць што‑н. надта лёгка і лоўка. Мы ведаем цяпер Тваё імя, Купала, Вялікіх песень маг І сэрцаў валадар. Глебка.

2. На Старажытным Усходзе — жрэц, які спраўляў рэлігійныя абрады і прадказваў будучае.

[Грэч. mágos ад перс. muğ — вогнепаклоннік.]

мага,

У выразе: як мага — а) ужываецца ў спалучэнні з выш. ст. прыслоўя для надання яму значэння найвышэйшай ступені. Снедаючы, Юрка хацеў толькі аднаго — як мага хутчэй вырвацца з дому. Карпаў; б) колькі ёсць сілы, магчымасцей. Забылі ўсё яны на свеце І, як мага, бягуць, смяюцца. Колас.

магазын, ‑а, м.

Уст. Тое, што і магазін (у 3, 4 знач.).

магазін, ‑а, м.

1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. ▪ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.

2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.

3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.

4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.

[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]

магазінны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да магазіна. Магазінная шыльда. // Які прадаецца або купляецца ў магазіне. Магазіннае масла.

2. Спец. Які мае адносіны да магазіна (у 2 знач.). Магазіннае ружжо. Магазінныя рамкі вулля.

•••

Магазінная каробка гл. каробка.

магазіншчык, ‑а, м.

Разм. Прадавец у магазіне.

магазіншчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да магазіншчык.