Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

лабаранцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лабаранта. Лабаранцкія абавязкі.

2. у знач. наз. лабаранцкая, ‑ай, ж. Памяшканне, пакой для лабарантаў.

лабараторны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лабараторыі (у 1 знач.). Лабараторнае абсталяванне. // Зроблены, праведзены ў лабараторыі. Лабараторныя доследы.

лабараторыя, ‑і, ж.

1. Спецыяльна абсталяванае памяшканне для навуковых або тэхнічных даследаванняў; установа, у якой займаюцца такімі даследаваннямі. Хімічная лабараторыя. ▪ Закончыўшы лекцыі, Дальскі накіроўваўся ў сваю лабараторыю, з якой ён амаль не выходзіў на працягу двух апошніх месяцаў, і за гэты час прарабіў у ёй ледзь не астранамічную колькасць доследаў. Шахавец. Цэлы тыдзень Марына Міхайлаўна, нікуды не выязджаючы, працавала ў аграгэхнічнай лабараторыі. Паслядовіч.

2. перан. Творчы працэс, творчая дзейнасць каго‑н. Творчая лабараторыя пісьменніка.

[Лац. laboratorium.]

лабардан, ‑у, м.

Уст. Прасоленая і правяленая траска без хрыбтовай косці.

[Гал. labberdaan.]

лабасты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і лабаты.

лабаты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім выпуклым ілбом; шыракалобы. Апусціўшы лабатую вушастую галаву, .. [сабака] рынуўся насустрач мне. Савіцкі.

2. Падобны на лоб; акруглены, выпуклы. Лабаты ўзгорак. ▪ Жаўтагрывы, лабаты сланечнік павярнуў свой шырокі, бы рэшата, твар і пачаў углядацца на ўсход. Капыловіч.

лабаціна, ‑ы, ж.

Разм. Лоб чалавека або жывёлы. Мядзведзь на хвіліну аслеп, зажмурыў вочы, зароў, завыў, хацеў кінуцца на Вышамірскага. Вышамірскі адскочыў за дрэва. Мядзведзь .. стукнуўся лабацінай аб хвою і паваліўся. Бядуля.

лабковы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лабка (у 1 знач.). Лабковая косць.

лабок, ‑бка, м.

1. Бугарок на месцы зрашчэння пярэдніх касцей таза.

2. Разм. Памянш. да лоб.

3. Абл. Франтон двухскатнага даху. [Мальвы] падымалі пад самы лабок свае грамафонныя трубы. Вітка.

лабрадарыт, ‑у, М ‑рыце, м.

Чорная або цёмна-шэрая горная парода, якая складаецца пераважна з лабрадору (выкарыстоўваецца для розных вырабаў і ўпрыгожвання будынкаў). Абеліск з чорнага лабрадарыту.