Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

га 1, нескл., м.

Скарочанае абазначэнне слова гектар (ужываецца звычайна пры лічэбніках). 50 га. Пасеяць 40 га пшаніцы. ▪ Раўняйся па лініі ўдарных брыгад! Хто спаборніцтвам там не ахоплены? Каб зацвілі сотні тысяч га Пад ільном ды пад каноплямі. Крапіва.

[З пачатковых літар слоў «гекта» і «ар».]

га 2, часціца.

1. Тое, што і а 3 (у 1 знач.). «Юзік! — паўтарыў ён мацней. — Юзік!» — «Га? Што?» Чорны. Рачкоўскі зусім неспадзявана для Карызны павесялеў: — А праўда, Сымоне, слаўна жылося там, га? Зарэцкі.

2. Абл. Тое, што і а 3 (у 2 знач.). — Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна. Гартны.

га 3, выкл., часта з працяглым вымаўленнем (га-а-а!).

1. Выражае здзіўленне пры апазнанні каго‑н., радасць сустрэчы з кім‑н. — Га, Пятрусь, і ты тут? — сустрэў Петруся Карусь Акалот. Колас.

2. Гучны выкрык, якім хочуць напалохаць каго‑н. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам... Раптам вылецеў з-за куста і гукнуў на ўсю моц: — Га-а! Колас.

гаалян, ‑у, м.

Від сорга з высокім сцяблом і шырокім лісцем; кітайскае, маньчжурскае проса.

[Ад кіт. кааліянг — высокая трава.]

габардзін, ‑у, м.

Шарсцяная тканіна для паліто і касцюмаў.

[Фр. gabardine.]

габардзінавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да габардзіну. // Зроблены з габардзіну. Габардзінавы касцюм.

габарыт, ‑у, М ‑рыце, м.

Гранічныя знешнія абрысы прадметаў (збудаванняў, машын, станкоў і пад.); аб’ём, велічыня чаго‑н. Габарыт кантэйнера. Габарыты вагонаў. // Адлегласць ад рэйкавага шляху да лініі будынкаў, якая забяспечвае свабодны праход поезда.

[Фр. gabarit.]

габарытны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да габарыту. Габарытныя вароты.

габаіст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на габоі.

габелен, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Насценны дыван ручной работы з вытканай на ім карцінай, узорам.

2. ‑у. Дэкаратыўная тканіна.

[Фр. gobelin.]

габеленавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да габелена (у 1 знач.). Габеленавы дыван. // Зроблены з габелену (у 2 знач.). Габеленавы настольнік.

габлюшка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Стружка. Пашамацеўшы габлюшкамі, Рыбакоў выняў [са] скрынкі мяшэчак і развязаў яго. — Гарбузікі. Налятай! Алешка.