Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

роўнастаронні, ‑яя, ‑яе.

Які мае ўсе стораны роўнай даўжыні. Роўнастаронні трохвугольнік.

роўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан роўнага. [Каваліха] збілася з тону. Яе галашэнне страціла ранейшую плаўнасць, роўнасць і стройнасць. Бядуля. // Пра вялікае роўнае месца, раўніну. Хацелася .. [Алесю] спяваць і бесперастанку ісці марознаю роўнасцю снегу. Чорны. За .. [узгоркам] ляжала палявая роўнасць, а далей — лес. Савіцкі.

2. Аднолькавасць, поўнае падабенства (па велічыні, колькасці, якасці і пад.). Роўнасць сіл.

3. Роўнае становішча людзей у грамадстве, што выяўляецца ў аднолькавых адносінах да сродкаў вытворчасці і ў карыстанні аднолькавымі палітычнымі і грамадзянскімі правамі. Роўнасць народаў і нацый. ▪ Калгасны лад забяспечыў таксама поўную роўнасць жанчыны з мужчынам у вытворчасці і ліквідаваў яе нераўнапраўнае становішча ў сям’і. Залескі.

4. У матэматыцы — алгебраічная формула з дзвюх частак, роўных між сабой.

роўны, ‑ая, ‑ае.

1. Просты, прамы, без выгібаў. З узгорку далёка відаць было жоўтае пескавое палатно шашы, роўнае, як струна. Крапіва. Роўны, як бы пракладзены па шкуру, канал у перспектыве звужаўся ў маленькую чорную кропку. Краўчанка.

2. Гладкі, без упадзін і ўзгоркаў. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам. Адамчык. Мы аглядаем месца, дзе любяць збірацца ласі ўвосень. Гэта — узвышаная мясцовасць з даволі роўным рэльефам. В. Вольскі. // Без сучкоў, вузялкоў і пад. А калоды ўсе такія тоўстыя, такія гладкія, роўныя — паглядзець і то было люба. Колас.

3. Аднолькавы, пастаянны ў якіх‑н. адносінах на працягу якога‑н. часу, якой‑н. адлегласці. Зіма ў тым годзе была роўная. ▪ Чарнявы гэты хлапец — без кашулі, босы, густы і роўны загар ляжыць на ягоным целе. Мікуліч. // Спакойна, без павышэння і паніжэння (пра голас, гукі). Спакойны, роўны тон .. [Верынага] голасу вывеў Мікалая з раўнавагі. Дамашэвіч. І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працяжна роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас. // Раўнамерны. Электрычная лямпачка разлівала па стале з-пад сіняга абажура роўнае мяккае святло. Бядуля. Праз нейкі момант пайшоў роўны, спорны дождж. Грамовіч. Пад роўны шум ліўня ўрэшце я заснуў. Місько.

4. толькі мн. Аднолькавыя намерам. Ля самых пуцей ляжалі роўныя кучы вугалю, загадзя нарыхтаваныя для пагрузкі на паравоз. Лынькоў. [Талерка] падскочыла на месцы і разбілася на дзве роўныя часткі. Бядуля. // Аднолькавы з кім‑н. па якіх‑н. прыкметах. Былі толькі двое, з якімі .. [Зубовіч] адчуваў сябе роўным. Трапілі яны ў астрог не зусім звычайным чынам. Машара. Па вечарах глядзелі Бясплатнае кіно: Як роўныя, сядзелі З байцамі заадно. Гілевіч.

5. перан. Ураўнаважаны (пра характар, паводзіны чалавека). Дзед не кіпеў ужо, быў аж на дзіва стрыманы і роўны. Мележ.

6. Які знаходзіцца на адной лініі з кім‑, чым‑н. (па вышыні, глыбіні і пад.). Мы палолі ў полі лён Цэлы дзень, Роўны з намі вырас ён, Маладзец! Муравейка.

7. Які мае аднолькавыя з кім‑н. правы, становішча, значэнне. — Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Гартны.

8. Які дакладна адпавядае чаму‑н. па велічыні, мае пэўную велічыню. Рост роўны двум метрам. Адлегласць роўная пяці кіламетрам. ▪ — Ёсць сіла, Роўная красе, Багатшая за ўсе багацці. Глебка.

•••

Быць на роўнай назе з кім гл. быць.

роўня, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і раўня. — На ліха мне яго каханне, ён мне бацькам, можа быць, а не мужам. Няхай шукае сабе роўні. Сабаленка. [Грабок:] — Новыя дамы ставім не раўня згарэўшым. Краўчанка.

роўнядзь, ‑і, ж.

Роўнае месца, раўніна. Амярцвелае поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступае ў нерухлівай постаці і тупой немаце. Колас. // чаго або якая. Роўная паверхня чаго‑н.; гладзь. Белыя чайкі лятаюць высока над стрэхамі хат, а над люстранай роўняддзю азёр планіруюць спрадвечныя сябры гэтых стрэх — буслы... Брыль. Адсюль далёка відаць наваколле: і роўнядзь поля, і асфальтавая стужка дарогі, і горад. Марціновіч. Сонца апускаецца яшчэ ніжэй, і вось за намі, па рачной роўнядзі, пачынае, як хвост, цягнуцца .. люстраная паласа. Сачанка.

роўніца, ‑ы, ж.

1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.

2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.

3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.

роўнічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да роўніцы (у 1 знач.). Роўнічны цэх. Роўнічная машына.

роўнічніца, ‑ы, ж.

Работніца, якая займаецца вырабам роўніцы з бавоўны.