Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

фіякр, ‑а, м.

Наёмны лёгкі экіпаж у гарадах Заходняй Еўропы.

[Фр. fiacre.]

фіял, ‑а, м.

1. У старажытных грэкаў — шырокая неглыбокая чаша з тонкімі сценкамі і злёгку загнутымі ўнутр берагамі. // Уст. паэт. Бакал, кубак. / у перан. ужыв. Фіял нянавісці.

2. звычайна мн. (фіялы, ‑аў). У архітэктуры — невялікія вежы, увянчаныя высокімі востраканцовымі пірамідамі. Невялікія вежы на фасадзе напамінаюць фіялы бельгійскіх цэркваў. «Помнікі».

фіялетавы, ‑ая, ‑ае.

Сіні з чырванаватым адценнем, колеру фіялкі. Шчокі дзяўчыны разгарэліся на марозе, і таму вочы здаваліся надзвычай блакітнымі і яснымі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. Над балотам, за ракой, у фіялетавым небе загарэлася зорка. Асіпенка.

[Фр. violet.]

фіялка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Травяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі або белымі ці рознакаляровымі кветкамі. Ёсць пралеска яшчэ, Ёсць фіялка лясная — Кветкі ранняй вясны, — Хто ж у нас іх не знае?.. Кусянкоў.

[Ад лац. viola.]

фіялкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фіялкі. Фіялкавы пах.

2. Які мае колер фіялкі, фіялетавы.

3. у знач. наз. фіялкавыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца фіялкі.

•••

Фіялкавы корань гл. корань.

фіярытура, ‑ы, ж.

1. Арнаментальны пасаж (у 2 знач.), які ўпрыгожвае мелодыю.

2. перан. Пра што‑н. дабаўленае, прыдадзенае для ўпрыгожання, ажыўлення чаго‑н.

[Іт. fioritura.]

фіярытурны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіярытуры. Фіярытурная манера выканання. // Надзелены фіярытурамі. Фіярытурнае спяванне.

фіяска, нескл., н.

Кніжн. Няўдача, правал. — Ну, калі так, Змітро, — звяртаецца.. [Васіль] да мяне, — тады ні гу-гу... што я пацярпеў фіяска... Кавалёў.

фіёрд, ‑а, М ‑дзе, м.

Вузкі, з крутымі і высокімі берагамі марскі заліў, які глыбока ўразаецца ў сушу. Дамовіўся.. [датчанін] з некалькімі эскімосамі, што яны на сваіх чаўнах паплывуць на той бок фіёрда. — так завуць марскія затокі з вельмі крутымі скальнымі берагамі, — накосяць там травы, насушаць яе і прывязуць яму гатовае сена. Дубоўка.

[Нарв. fjord.]

фіёрдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фіёрда; з фіёрдамі. Фіёрдавы бераг.