Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

цішком, прысл.

1. Непрыкметна, употай; крадучыся, крадком. І Губіч тут быў не аднойчы, Не раз прабіраўся цішком Бязлюднаю сцежкаю воўчай У гэты эсэсаўскі дом. Колас.

2. Ціха, нягучна, без шуму. Ноччу Валька плакала цішком, каб не пачуў чужы. Брыль.

цішыня, ‑і, ж.

1. Адсутнасць шуму, гукаў; маўчанне. Цішыня стаяла ў лесе незвычайная. Кулакоўскі. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў.

2. перан. Адсутнасць баявых дзеянняў; зацішша. Арлоўскага абудзіў цяпер не напорысты грукат бою, а пакутліва-пякучая цішыня. Паслядовіч.

3. Душэўнае ўціхаміранне, спакой.

цішэй,

1. Выш. ст. да прысл. ціха.

2. у знач. выкл. Ужываецца як загад захоўваць цішыню, маўчаць. — Цішэй вы! — крыкнуў Грышка Гарачун. Рунец. — Цішэй, цішэй, — супакойваў Гена ўзрушаных акцябрат. Юрэвіч.

•••

Цішэй вады, ніжэй травы — пра вельмі спакойнага, нясмелага, ціхага чалавека.

цішэйшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. ціхі.

цішэць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Рабіцца, станавіцца ціхім, цішэйшым. Вецер цішэе. ▪ «Што ж, можа я і цішэю, — думае Васіль. — Але ж і ты, Настачка, становішся не тая, што раней. Я цішэю, а ты байчэеш...» Карамазаў. Людзі цішэлі, лагаднелі, з разуменнем і спагадай глядзелі адзін на другога. Кудравец.

ціў-ціў, выкл.

Ужываецца гукапераймальна для абазначэння птушынага спеву, палёту кулі. Малыя птушкі з дрэў Смяюцца ў вочы: «Ціў-ціў! Ціў-ціў!». Корбан. «Ці-іў, ціў», — прапелі кулі ля дзвярэй. Ставер.

ціўканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ціўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. На кусту парэчкі весела заціўкала сінічка, і пры кожным ціўканні яна порстка круцілася ва ўсе бакі. Лынькоў. Неба праразалі імклівыя ластаўкі, .. але за лязгатам колаў не было чутно ні іх ціўкання, ні песень. Грахоўскі.

ціўкаць, ‑ае; незак.

Абзывацца гукамі, падобнымі па «ціў-ціў» (пра птушак). У бярозах і асінах ціўкалі птушкі. Бураўкін. // Утвараць тонкі, высокі гук (пра кулі і пад.). Над галавой ціўкалі кулі. Навуменка.

ціўкнуць, ‑не; зак.

Аднакр. да ціўкаць.