Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

перавіты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перавіць.

перавіцца, пераўецца; пр. перавіўся, ‑вілася, ‑вілося; зак.

Сплёўшыся, звіўшыся, злучыцца; пераплесціся. Перавіліся галіны дрэва. ▪ Дымы розных гатункаў тытунёў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас.

перавіць, пераўю, пераўеш, пераўе; пераўём, пераўяце; пр. перавіў, ‑віла, ‑віло; заг. пераві; зак., што.

1. Абвіць чым‑н. што‑н.; абвязаць. Колы грукаталі па карэннях, што перавілі лясную дарогу, рыпелі, але гэта, здавалася, не парушала глыбокай цішыні ночы. Асіпенка.

2. Развіўшы што‑н., звіць лепш, іначай. Перавіць вяроўку.

3. Звіць, пераматаць на што‑н. іншае. Перавіць ніткі з матка на клубок.

перагабляваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перагабляваць.

перагабляваць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Пагабляваць усё, многае. Перагабляваць усе дошкі.

2. Пагабляваць нанава, яшчэ раз.

перагаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перагабляваць.

перагаварвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Тое, што і перагаворвацца. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаварваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек. Чыгрынаў.

перагаварыць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.

1. з кім. Абмяняцца думкамі аб кім‑, чым‑н., коратка пагаварыць. Перагаварыць з сябрам па тэлефоне. Перагаварыць адзін на адзін. ▪ Студэнты вылучылі дэлегацыю з пяці чалавек, якім даручана было перагаварыць з рэктарам універсітэта. Галавач.

2. пра што, што і без дап. Пагаварыць з кім‑н. пра ўсё, многае. І хоць шмат чаго перагаварылі яны за той вечар, аднак не ўсё расказаў Павел пра сябе. Пальчэўскі.

3. каго. Разм. Пагаварыць даўжэй, больш за іншых, прымусіць замоўкнуць іншых. Не хацелася сварыцца з Сашам .. — усё роўна, ведала, яго не перагаворыш. Васілевіч.

перагавор, ‑у, м.

1. толькі мн. (перагаворы, ‑аў). Дзелавы абмен думкамі пры высвятленні якіх‑н. пытанняў, умоў і пад. Дыпламатычныя перагаворы. ▪ Пачынаючы з верасня 1920 г. Савецкая Расія вяла мірныя перагаворы з Польшчай. «Весці».

2. Разм. Размова. — Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала .. [Марта] мужа. — А табе цікава ведаць? — Вядома, што цікава! — Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна .. цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол. Гартны. [Наганаў:] А ў мяне сёння на міжгародняй перагавор. Губарэвіч. // Кароткая спрэчка. [Кравец:] — Нешта перагавор з жонкаю быў? Жывучы, братачка, усяго бывае. Чорны.

перагаворванне, ‑я, н.

1. Размова, гутарка. Патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Колас.

2. Паўтарэнне сказанага.